Вялікаму кастрычніку
В приложении удобнееQR для скачивания приложенияRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

Читать бесплатно онлайн книгу автора  Вялікаму кастрычніку

Янка Купала

Вялікаму кастрычніку


Была Расія царскіх дзён,

А дні былі, як ночы;

Душыў бязлітасны прыгон 

Сялянаў і рабочых.

Разбэшчана паны, купцы 

Працоўным людам гандлявалі, 

Раслі магільныя капцы,

Папы малебны завывалі.

Над краем шыбеніц, астрогаў    

Трыумфаваў каронны кат... 

Было яно — ўладарства злога 

Пятнаццаць год таму назад.

Паўстаў пракляццем катаваны, 

Паўстаў, хто з голаду век пух,

Апалі рабскія кайданы,

Апаў нявольніцтва ланцуг.

Паўстаў магутны пралетарый, 

Чырвоны ўзняўшы сцяг ўрачыста,

І рушыў ў бітву грознай хмарай    

Супроць сатрапаў і царыстаў.

Паўстаў ніштожыць цьму і здзекі. 

Ніштожыць царскае ўладанне, 

Знішчаць адвечны гнёт навекі 

Для свайго светлага йснавання.

I зарунеў на ўсе староны 

Саюз Рэспублікаў Савецкіх, 

Прамогшы ворагаў пагромных —

І нутраных, і інтэрвенцкіх.

Красуй жа ў радасці няспынна,

Краіна вольная Саветаў,

Ядыная пакуль айчына 

Усіх працоўных ўсяго свету.

Пралетар’ят усіх краінаў 

Пад сцягам Леніна удумна 

Шляхі, я веру, працярэбе 

I да сусветнае Камуны.

1932