Читать бесплатно онлайн книгу  Журба і сьмяхоцьце

Алесь Гарун


Журба і сьмяхоцьце

– Брынкні, хлопча малады,

У свае цымбалы!

Ты ж бо, чуў я ад людзей,

Музыкант удалы.

Песьняй ёмкай зьвесялі, –

Заплачу двухзлотку.

Хочаш? Выпі напярод,

Спагані ахвотку!

 

– Раз журба зь сьмехацьцём

Напіліся мёду

I пайшлі на кірмаш

Паглядзець народу,

Вось журба й завяла,

Несуцешна плача,

Сьмехацьцё ж ля яе

Па дарозе скача.

– Гэй, сястрыца, пакінь

Разьліваці сьлёзы,

Бо цябе ж засьмяе

Чалавек цьвярозы.

А-ха-ха! хі-хі-хі!

Ну, чаго, сястрыца,

Не хапіла табе?

– Перастань, дурніца!

– Не сьмяшы ты людзей,

А давай паскачам!

А журба яшчэ горш

Закацілась плачам.

«А-ха-ха!», «І-ы-ы!»

Па дарозе льюцца;

Йдуць журба зь сьмехацьцём,

А людцы сьмяюцца.

От журба і крычыць:

– Празь цябе выкпіны!

Сьмехацьцё ж ёй у адказ:

– Не, асані, вінна!

– Празь цябе! Празь цябе!

Увайшлі ў спрэчку,

А ў канцы пачалі

Малаціці грэчку.

Тут камар падляцеў:

«Кум з кумой дзярэцца?»

I пачаў ля журбы

Акругом вярцецца!

То у нос, то у лоб

Джыгане – уп’ецца,

От журба науцёк,

Бо няма дзе дзецца.

Сьмехацьцё ж не бяжыць,

Даганяць ня хоча,

А зь людзьмі над журбой

Над дурной рагоча.

От і ўсё. Калі хто

З вас журбу убача,

Дык настрашце яе

Камаровым плачам.

Уцячэць! А цяпер –

Заплаці двухзлотку

I кілішачак дай

Прамачыці глотку.