Читать бесплатно онлайн книгу Млынар заставіў застаўкі…
Уладзімір Жылка
Млынар заставіў застаўкі...
* * *
Млынар заставіў застаўкі,
І ледзь плюскочацца рака.
Стралой крыла чыркаюць ластаўкі
Люстранасць ясную стаўка.
Блакітнаплашчы з захаду
Дзень хіліць русу галаву
І ў спрат ссыпае скарбы-знахады -
Залатапромені ў ставу.
І вее яснавокаю,
Шыракакрылай цішынёй,
І ціш, як неба, безаблокая,
І ясна на душы маёй.
І ў душу палі знахады
(Залатапромені ў ставу).
Адрынь, пясняр, згрызоты, захады,
Ўзнясіся песняй к хараству.
