Читать бесплатно онлайн книгу  Чаму з маленства з ураджэнства …

Алесь Гарун


Чаму з маленства з ураджэнства ...

Чаму з маленства, з ураджэнства

Ў жыцьцёвы май

Ня ўмеў, як маці, шанаваці

Цябе, мой край?

То ж я з тваёю ключавою

Сьвятой вадой

Напіўся болю аб нядолі,

Бядзе людской.

То ж ты, мой хмуры, даў мне пануры

І ціхі гнеў,

А днём падчасным, так пекным, ясным,

Надзею грэў.

Твае ж курганы, лясы, паляны,

Дубкоў тых шум,

Палёў абшары, люд бедны, шары

Мне далі дум.

А дум тых многа… Не, не убога

Ты даў мне іх.

I ты ж, як маці, наўчыў сьпяваці

Аб думах тых.

Я браў, ня бачыў і не адзьдзячыў

Табе нічым,

Бо счараваны – цябе, ўкаханы,

Ня знаў саўсім.

Цяпер хоць знаю, дык што ж параю

Ад позьніх скрух?

Ў чужой краіне паволі гіне

За целам – дух.

Вазьмі ж хоць сьпевы, дум перапевы

Лясоў тваіх.

З тваёі глебы, з тваёга неба

Узяў я іх.