Урывак з паэмы “Новая зямля”
Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне:
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць;
Насі «катла», кажы ім казкі,
Ідзі на поплаў з імі ў краскі,
Давай адказы на пытанні,
Тлумач ты ім усё дазвання:
Адкуль, з чаго дзе што бярэцца,
Вось гэта, тое як завецца
І чаму так, чаму не гэтак?
Прыхілен дзядзька быў да дзетак.
Ён быў настаўнікам, суддзёю,
Калі, бывала, між сабою
Паспораць дзеткі ці паб'юцца,
Дык да каго тады звярнуцца,
Як не да дзядзькі, да Антося?
Ох, слаўна з дзядзькам ім жылося!
Яшчэ замецьце, што з малымі
Ён размаўляў, як са старымі,
І з імі радзіўся, спрачаўся –
Як роўны з роўнымі трымаўся!
Калі ж хто часам з ім не зладзіць,
То дзядзька толькі вус пагладзіць,
Мо з хлебам можна яго есці?
– А дзядзечка! мой залаценькі!
Пастаў нам соку, дарагенькі!