Читать бесплатно онлайн книгу автора Калядная казка
Беларускія народныя казкі
Калядная казка
Жылі дзед і баба. Вось паставілі яны стобачку, дзед і кажа:
- Хто пахваліць маю стобачку, таму дам каляду.
А ў гэты час па двару хадзіў воўк пад вокнамі і пачуў, што дзед кажа.
- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду.
Дзед злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда.
- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду.
Дзед зноў злез з печы, даў яму авечачку. Воўк схапіў авечачку, закінуў на плечы і панёс ў лес, палажыў яе на пянёк, і пайшоў зноў да дзеда.
- Хароша, хароша дзедава стобачка, дай дзедка каляду.
Няма чаго дзеду даць за пахвалу стобачкі. Дзед ляжаў на печы ад сцяны, а баба з краю, дак дзед піхель бабу з печы воўку. Воўк схапіў бабу за спадніцу, закінуў на плечы і панёс яе ў лес. Пасадзіў яе на пянёк, а сам сеў есці авечачкі. Бабка сядзіць на пяньку і прыгаварвае:
- Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак.
Воўк пачуў, што бабка нешта бубніць:
- Што ты, бабка, кажаш?
А бабка адказвае:
- Еш воўк авечачкі, дый мяне з’ясі.
- Добра, бабка, з’ем.
Бабка зноў прыгаварвае:
- Вышай, вышай пянёчак, каб не дастаў ваўчочак.
З’еў воўк авечачкі, “падняў” вочы, а пянёк вырас і бабка сядзіць высока, што не дастаць яе. Пачаў грызці воўк гэты пянёк. Грыз-грыз – зламаў зубы. Ён і кажа:
- Сядзі бабка на пяньку, а я пайду да каваля зубы патачу, - і пабег.
А бабка зноў стала прыгаварваць:
- Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак.
Пянёчак знізіўся трошкі. Бабка зноў прыгаварвае:
- Ніжай, ніжай пянёчак, каб не з’еў ваўчочак.
Пянёк стаў нізенькі, бабка скочыла з пянька і пабегла па сцежачцы ў лес. Ці доўга бегла, ці далёка забегла, бачыць: сярод лесу стаіць хатка на курынай лапцы.
А ў той хатцы, відаць, жылі козлікі.
Яна забегла ў тую хатку, а там сыры ды масла. Бабка наелася сыра да масла і залезла падпечак, схавалася. Прыходзяць козлікі з пашы, бачаць хтосьці паеў іх сыры да масла. Сталі яны шукаць таго, хто ўсё гэта паеў, знайшлі бабку падпечкам.
Крычаць козлікі:
- Вылазь, бабка, з падпечку, мы цябе біць будзем, што ты паела нашыя сыры да масла!
Стала бабка прасіцца:
- Козлікі мае даражэнькія, мае залаценькія, не біце мяне, не карайце мяне, я буду жыць з вамі і дапамагаць у рабоце, біць сыры да масла.
Козлікі згадзіліся. І так бабка стала жыць з козлікамі.
Вось захацелася бабцы дзеда адведаць: “Як ён там пажывае без мяне?”
Набрала сыроў да масла і пайшла праведаць дзеда. Прыходзіць яна і бачыць, ляжыць дзед на печы разявіўшы рот – памірае.
Бабка кідзяк ляпешачку сыра дзеду ў рот. Так дзед цяп–цяп і з’еў сыр.
Дзед падумаў, што гэта варона сярнула, дай просіць:
- Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот.
Бабка зноў кінула ляпешачку сыра дзеду ў рот. Дзед з’еў і яшчэ просіць:
- Варона, варонка, “сярні” яшчэ раз мне ў рот.
А бабка і адказвае:
- А трасцы табе, дзедку. Ты ж мяне спіхнуў з печы ваўку на з’яданне. Я буду з козачкамі жыць, а ты памірай, калі не жалеў мяне.
