Читать бесплатно онлайн книгу автора Песня дзяўчаці
Казімір Сваяк
Песня дзяўчаці
Там у зацішным таёмным бары,
Між соснаў зацені шуміць ручаінка;
У хвойным каб песні пяяць гушчары,
Там часта прыходзіць прыгожа дзяўчынка.
Дзяўчо пяе песні нядолі народа,
Забітага горам і крыўдай балючай:
У песню ўлівае міласць і згоду
I што набалела на мыслі кіпучай.
А песня дзяўчаці так сумна-жалосна,
Што бор на жальбу ўжо не раз задрыжэў,
Канюх страпянуўся, заплакала сосна,
Пугач дзесь захлопаў і ўдаль паляцеў
I водгалас ходзіць між лесу галінаў,
Як тое дзяўчо сваю песню пяе,
А вецер — прыблуда ад гор і далінаў, —
Нясець на свет цэлы запевы яе.
Люблю я той бор, тую песню дзяўчаці,
Люблю я лавіць таей песні матывы,
А тое дзяўчо — ох, ніяк тут сказаці:
Хай гэта даскажа сам бор гутарлівы.
