Читать бесплатно онлайн книгу автора Мужык, яго жонка і пан
Беларускія народныя казкі
Мужык, яго жонка і пан
Жыў сабе ў адным сяле Сенька, і была ў яго жонка, але надта лянівая. Пайшла аднаго разу жаць, нажала сноп і лягла спаць. Выспалася і пайшла дадому. Сенька стаў пытацца:
— Колькі ж ты нажала?
— Капу, ды і злажыла капу.
Пайшла на другі дзень, нажала столькі ж і на трэці дзень нажала столькі ж — усяго за тры дні нажала тры снапы.
Паехаў Сенька забіраць жыта. Прыехаў туды, глядзіць — ажно жонка яго спіць, а жыта нажата усяго тры снапы. Ён забраў снапы, жонкі не будзіў, абмазаў яе смалою, абсыпаў пер’ямі і паехаў дадому. Сеньчыха ўстала, паглядзела на сябе, спужалася і сказала сабе: «Гэта ж не Сеньчыха, аднака ж пайду на сяло, калі будуць сабакі брахаць ды дзеці палкамі кідаць, то я ўжо не Сеньчыха». Прыйшла яна на сяло — сабакі небрэшуць, дзеці палкамі не кідаюць; стала счытаць хаты: «Гэта кумава, гэта Навумава, гэта сватава, гэта братава, а гэта Сенькава». Падышла пад вакно і пытаецца:
— Сенька, а Сенька! Чы Сеньчыха дома?
— Дома, — ляжыць на ложку, як ступа.
Пайшла далей. Ніхто ў хату не пускае; зайшла ў пусты млын, села ў кош, сядзіць. Прыйшлі ўночы зладзеі і сталі дзяліць грошы. Адзін кажа: «Мне!» Другі: «Мне!» I трэці кажа: «Мне!» Тады яна бачыць, што ёй усё роўна — бяда ёй прыйшла, і кажа:
— А дзе ж мне?
Зладзеі папужаліся, думалі, што чорт, і разбегліся. А яна набрала грошай і пайшла дадому. Прыйшла і кажа:
— Сенька, Сенька! Адчыні!
— Хто там?
— Я, Сеньчыха!
— Не трэба! У мяне ёсць свая Сеньчыха.
— Не, Сенечка, адчыні, я грошы нясу.
Сенька адчыніў і кажа:
— Дзе ж ты ўзяла?
Яна расказала, як было, ды і кажа, што яшчэ ўсіх не забрала. Сенька пайшоў наперад на раку, усадзіў у нерат зайца, а ў жалезы занёс шчуку, пасадзіў і пайшоў за ёю. Прыйшлі, забралі грошы і пайшлі дадому. Ішлі цераз мост. Сенька кажа ёй:
— Зайдзём, паглядзім нерата на рацэ.
Пайшлі, глядзяць — сядзіць заяц.
— Вот шчасце! — кажа Сеньчыха.
— Пойдзем жа яшчэ, — кажа Сенька, — паглядзім жалезы!
Пайшлі, глядзяць — сядзіць шчука.
— A-а! Вот шчасце! Але разам шчасце, — кажа Сенька.
Прыйшлі дадому і схавалі грошы.
— Ну, глядзі ж, цяпер жа як прыдзеш на месца, дык купі мне шубу янотаву.
— Добра, куплю, як паеду.
Паехаў ён на месца, накупляў абаранкаў, начапляў на дугу, на аглоблі і едзе дадому. Толькі што Сенька прыехаў, Сеньчыха выбегла на двор і пытаецца:
— Ну, што ж, прывёз шубу?
— Ды не!
— Чаму?
— Што было рабіць? Як зайшла абаранкава хмара, было забіла — насілу ўцёк.
— Ну, глядзі, як паедзеш у другі раз, дык ужо купі!
— Куплю.
Паехаў Сенька ў другі раз і ізноў прыехаў без шубы.
— Чаму ж не купіў? — пытаецца Сеньчыха.
— Калі пан на месцы ўкраў кілбасу, дык яго білі пa насу, дык i я спужаўся і насілу ўцёк.
— Ах, няшчасце! Ну, глядзі ж, як паедзеш ізноў, дык ужо, канешне, купі! — прыказвае Сеньчыха.
Паехаў Сенька трэці раз, купіў валову шкуру і прыехаў дадому. Сеньчыха выбегла на двор і пытаецца:
— А што ж? Купіў?.. Дзе?
— А вот я нясу ў хату.
Прынёс, надзеў на яе валову шкуру, і яна пайшла ў царкву. Усе людзі там разбегліся па кутках. Яна глядзіць і дзівіцца, —-падышла к сваёй куме і кажа:
— Што гэта, кумка, людзі ад мяне ўцякаюць?
— Але, кумка, гэта ж ты валову шкуру надзела.
— Гэта ж мне Сенька купіў, казаў, што янотава шуба. Пайду ж скажу пану, што ў яго ёсць багата грошай.
Пайшла і сказала. Пан прызваў к сабе Сеньку з Сеньчыхай і гаворыць:
— Што ж ты, Сенька, грошы маеш, а падаці не плаціш?
— Дзе ў мяне, пане, тыя грошы? Мала што яна наманіла!
— А я кажу прыметы, — кажа Сеньчыха, — як мы неслі грошы ды бачылі...
— От слухай, пане, што яна, шалёная, будзе гаварыць.
— А што ж, не выцяглі мы зайца з нерата на рацэ, а шчуку з жалез?
— Бач, пане, што яна кажа.
— А ты ж казаў, як ты ездзіў на месца купляць шубу, ды як абаранкава хмара найшла, дык ты насілу ўцёк, ды як пан быў на месцы, украў кілбасу і яго білі па насу; ды ты мне гаварыў?
— Чуеш, пане, чы гэтаму была праўда, што яна, шалёная, кажа?
Раззлаваўся пан, казаў набіць Сеньчыху і прагнаць яе вон. Прапалі яе і грошы, і шуба. А Сенька спажыў яе грошы і пасля яе смерці ўзяў сабе маладую і разумную жонку.
