Читать бесплатно онлайн книгу автора Развітанне з Наваградкам
Ян Чачот
Развітанне з Наваградкам
Бывай жа, школа любая, мае ўсе вёсны,
Бывай, званок, што нас у класы зваў.
Ты ўсім нам слых ласкаў, ды быў такі нязносны,
Як ад дзяўчат, ад волі адрываў.
Цяпер мяне ўжо не пабудзіш ты ніколі,
У класы не даклічашся - спакой,
Не адарвеш ад ласкавай Хазыты болей:
Няма ўжо моцы у цябе такой.
Я сам сабой распараджацца сёння вольны,
Не страшны мне маралі нічые.
Магу прабегчы з крыкам калідорам школьным,
Гуляць, кахаць - часы цяпер мае.
Бывайце ж вы, лугоў маіх зялёных далі,
Бывай, празрыстай Беразянкі плынь,
Дзе часта мы, вясёлыя, нырца давалі,
Палохалі ў вадзе зямных багінь.
Мы, быццам рыбкі тыя, плёскаліся ў ставе
Ці вудачкі закідвалі наўзмах,
Цягалі імі рыбку з крышталю ў забаве,
Збіралі німфам кветкі па лугах.
Бывай і ты, Сітоўка, наша поле -
Ты сведка ўсіх турніраў, перамог.
Ах, не вярнуць мне хвіль салодкіх тых ніколі,
Калі ў лясах гасціць з сябрамі мог.
Ад весялосці там нам не было упыну.
Я ж часам і ўцякаў ад гульняў тых.
А неяк смутным днём, пакінуўшы сябрыну,
Сабраў я простых красак палявых
І з сумам да старой капліцы ля рабіны
Пайшоў ускласці іх - вянком жывым -
На дамавіну гожай маладой дзяўчыны,
За штось закатаванай бацькам злым.
Бывай, маленства свет! Сюды, хоць і ахвота,
Вярнуцца ўжо, вядома ж, не змагу.
Пачуцці мілыя, дзіцячыя турботы
У памяці хіба што зберагу.
Бывайце й вы, равеснікі! Дзіцячых дзён сабраты!
Мы ў розных гульнях бавілі свой час.
Зайцы, палянты, кашкі, тарапаты
Ужо не будуць, пэўна, цешыць нас.
Бывайце і прафесары! Мы паспыталі
Ў вас боцькаўскіх, казацкіх бізуноў.
Усё, што вы ў галовы гэтак нам уклалі,
Умомант вам назад вярнулі б зноў.
Бывай, бывай жа, часе вольны, бесклапотны -
Я і не знаў, дзе хлеб браў бацька мой.
Ты, час мой, сплыў у Лету беззваротна,
Цяпер мне трэба працай жыць сваёй.
Такое меў я з месцам, дзе вучыўся, развітанне.
Яно мне й дыктавала, што пісаць.
Як ні кажы, такое дыктаванне
Ўсё ж лепей, чым самому выдумляць.
