Читать бесплатно онлайн книгу Сон свой скінуў пан вясёлы
Ян Чачот
Сон свой скінуў пан вясёлы
1
Сон свой скінуў пан вясёлы -
Красавік, ідзе праз сёлы
Абуджаць лясы і долы.
Алілуя, алілуя, алілуя.
2
Тут сябры ўсёй грамадою
Во сышліся пад гарою
Піць ды есці талакою.
Алілуя, алілуя, алілуя.
3
Але ўсё ж дарма іх лаюць,
Бы яны адно і знаюць,
Што лайдачаць ды гуляюць.
Алілуя, алілуя, алілуя.
4
Не, з іх кожны - працавіты,
Да людзей душой адкрыты,
Годны продкаў, самавіты.
Алілуя, алілуя, алілуя.
5
Шмат вучыцца ў іх ахвоты.
Пішуць штоквартал работы
І даюць штомесяц - злоты1!
Алілуя, алілуя, алілуя.
6
Край свой - клопат іх адзіны,
Мара іх - ва ўсе часіны
Быць падпорай для Айчыны.
Алілуя, алілуя, алілуя.
7
Прыйдзе час, і ў промнях рання
З філарэцкага яднання
Продак наш - сармат - устане.
Алілуя, алілуя, алілуя.
8
Блісне тут жазло сармата,
Клікне край ён да булата -
Знойдзе ўсіх за здзек расплата.
Алілуя, алілуя, алілуя.
9
Не змагчы, сябры, нас ліху!
Адпачнём цяпер хоць крыху,
Малако п'ючы паціху2.
Алілуя, алілуя, алілуя.
