Читать бесплатно онлайн книгу автора Айчыны мілай
Казімір Сваяк
Айчыны мілай
Айчыны мілай зор на сабе чую,
Куды ні пайду з самлелай душою;
Айчыны слёзнай праклёны лічу я:
Ратунку кліча — «Ратуйце з разбою!»
I над Айчынай, і над сабой плачу,
Што памагчы ёй — я хворы, бяссільны;
Што словы горкі надарма я трачу:
З душ нашых вее холад замагільны.
Зор мой дарэмна шукае выбаўцы,
Не віджу сільных між браці паганай, —
I не чакаю з рук Божага Даўцы
Ужо збаўлення з долі апляванай.
I толькі ў самым бяздонні няверы
Іскра надзеі ў попеле тлее:
Іскра надзеі, што рана без меры
Долі народнай душы разагрэе.
Іскра бязвольна пажарышчам стане,
Аж твар схаваюць нябесныя зоры,
I дух народны адважна паўстане:
Раўняці будзе даліны і горы.
Будаваць будзе на зломах Айчыну
Рукой магутнай з агнём Праметэя,
А сам як згіне, дасць тэстамэнт сыну,
Каб не змалела Айчыны ідэя.
