Читать бесплатно онлайн книгу  Цёплы вечар, ціхі вецер, сьвежы стог…

Цёплы вечар, ціхі вецер, сьвежы стог,

Улажылі спаць мяне вы на зямлі.

Не ўстае стаўпом пыл сьветлы ўздоўж дарог,

Ў небе месяца праглянуў бледны рог,

Ў небе ціха зоркі расьцьвілі.

Заварожаны вячэрняй цішынёй,

Я ня цямлю, дзе рука, дзе галава;

Бачу я, з прыродай зьліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расьце трава.

1910