Читать бесплатно онлайн книгу Мая ліра
Казімір Сваяк
Мая ліра
І
МЕСТ ПРАДМОВЫ
Не пішу я для забавы,
Ні для бліхтру, ані славы,
Ні на смех табе, бязверца, —
Пішу я, бо плача сэрца.
Сумна страшна думкі рвуцца,
Ў сіню даль, як рой, нясуцца,
Ў ціхі гай, дзе ўсенька чуе, —
На прыгон, дзе брат гаруе.
Злажыць песню ледзь умею,
Ад тых думкаў аж мадзею,
Сэрца мне агнём палае,
Аж загублена сканае.
Прачытай жа маю «Леру»,
Бо я сам сабе не веру,
Ці пісаць мне, ці стрымацца,
Каб на здзек чартом не дацца.
СОНЦУ ЎЗГОРНАМУ...
Сонцу ўзгорнаму, што свеціць кожнаму,
Месяцу блуднаму, ў загадках труднаму,
Гвездкам нябесным
Байкі пішу.
Душы збалелай, з мук ашалелай,
Духаві цёмнаму, ад веку соннаму,
Цела крывавага
Путы крышу.
Музе пудлівай, сумам шчаслівай,
Ледзь пазнаванай, неадгаданай,
Сэрцу пламеннаму
Песні нясу.
ПЕСНЯ НА ПСАЛЬМ 130
Не было гордым сэрца маё, Божа,
Не вынасілась пыхай маё вока...
Чом жа нядолю сэрца мне варожа?
Чом зор у сумнівы задаўся глыбока?
Між сільных свету не шукаў апекі,
Былі мне гідкі завабы ягоны...
Чаму ж сягоння я кволы-калекі,
А дух панёсся па зломах шалёны!
Чуўся пакорным ў глыбіні істоты,
Душы не чмуціў фальшываю хвалай...
Сёння не маю да жыцця ахвоты,
Перад ўсямоцнай злыбеды навалай.
Як адарваны ад грудзей дзяціна,
Адкінен дух мой ад Божага ўлоння,
Як ліст пажоўклы, сухая галіна,
Як пазабыта беднага загонне...
Ці безнадзейны, замучаны, збіты
Дух мой устане? Ці зваліцца слабы!
Ніколі, Божа, Табой я не сыты:
Нават і ў пекле цябе прызываў бы...
ПЕСНЯ НА ПСАЛЬМ 62
Ледзь толькі блысне на небе зарніца,
Дух мой, о Божа, на Цябе чакае,
Душа жадае як дожджу травіца
I цела з стогнам да Цябе ўздыхае.
Ў сухой зямельцы бязводнай і труднай,
Залітай жагай палудняга сонца,
Цябе шукаю ў дарозе блуднай,
Да Твайго ўлоння сумую бясконца.
Шляхам цярністым жыццё агартаю,
Руку цалую Твайго змілавання,
Твой Огляд вечны гімнам апяваю
I веру сёння ў духа змертвыхстанне.
I багаслаўлю, Божа, Твае дзівы
Ў формах праявы і ў зменах часу —
I свае рукі кволы і лянівы
Ўзнашу у неба за айчыну нашу.
I бедну душу маю ажыўляе
Поўнасць прастораў гвезднага космасу,
Цуднай мелодыі голас мой шукае,
Каб запяяці гімн Творчаму Лёсу.
I не забыці Цябе аніколі:
Ці ў ложы мяккім, ці цвёрдай пасцелі,
Адкрыці мыслей шляхі Тваёй волі
I Тваю помач спазнащ у дзеле.
Радасць мне сэрца агнём запаляе,
Што не пазбыўся Тваёй я апекі:
Твой Дух прадвечны мяне атуляе,
Цябе я прагну, Божа мой, навекі.
AD ТЕ LЕVAVІ...1
Узнашу я вочы у неба да Бога
I як служэбнік на Яго узіраю:
Ён абароніць мяне ад благога,
Бо міласэрдзя ад Яго чакаю.
О Божа, Божа, спашлі змілаванне
Над Тваім людам, што поўны нядолі,
Бо ўжо ж ён просіць даўно змёртвыхстання.
Каб выйсці з крыўды, з грэху і няволі.
Чужынец люд Твой аддаў на спакусу,
Каб з яго сэрца выгнаць Цябе, Божа.
Хай кроў бязвінных, да грэху прымусы
Пабудзяць гнеў Твой на народ варожы.
Збудзі, о Божа, люд Твой паднявольны
На труд свабодны, на ласку спакою,
Узглянь ягоны лёс цяжкі-мазольны,
На хлеб, мяшаны з горкаю слязою.
Устань, о Божа, — зорам сваёй моцы
Сакруш нячыстых працу рук паганых,
Абагаслаў свой люд бедны рабочы,
Як маці кволых дзетак мілаваных.
ШЧАСЦЕ
Птушцы да шчасця — вольнасці трэба,
Да шчасця краскі — яснага неба,
Дзіця шчасліва — на руках маткі,
Бяздольны рвецца — да цёплай хаткі.
Мудрага шчасце — веры шуканне,
Шчасце паэта — шчыра каханне,
Струджаным думкам — трэба спачынку,
Сэрцу збалеламу — вясны ўспамінку.
Для ўсіх жа людцаў, дзе ёсць іх колькі,
Аднаго трэба на свеце толькі —
Без чаго свет наш — блудна дарога:
Усім для шчасця патрэба Бога.
