Читать бесплатно онлайн книгу Кветка
Змітрок Бядуля
КВЕТКА
Апусцілася вясна на зямельку, сонейка падагрэла грудзі зямельчыны, і за выганам на мяжы кветка радзілася. Ноччу чыстая раса купала яе ды няньчыла; з блізкай вярбіны салоўка ёй алелуя пяяў; удзень праменні сонейка фарбавалі яе ды грэлі. Зрабілася кветка нейкай дзіўнай цацачкай сваімі разнаколернымі ляпёсткамі (пялёсткамі).
Нагнаўся араты быкамі сваімі, затуманіў люльку сваю і зараз бруднымі атопкамі гыц на кволую кветку, на дзіцянё блакітнага неба…
І быццам не было яе на мяжы ля выгана…
……………………………………………………………………………………….
Чалавеча! На манер песні здатнее мне гаварыць з табою. Ці дагадаўся ты, што гэта толькі малюнак паўночных думак тваіх?.. сон душы тваёй?.. калі твая душа пасля гуку мінуўшага дня заплавала ў хвалях яснага супакою, калі зажадала яна нешта таемнага, незвычайнага, і, быццам кветка, быццам голуб белы, над ёй святочнасць запанавала, ты зямной бруднай карыснасцю сваёй затаптаў, знішчыў тыя кволыя расліны неба, і быццам не радзілася кветка ў душы тваёй…
……………………………………………………………………………..................
Чалавеча! Шкада мне цябе…
http://ebooks.prestigioplaza.com
