Читать бесплатно онлайн книгу автора Аб чым шумяць над возерам бярозы
Тодар Кляшторны
Аб чым шумяць над возерам бярозы?
* * *
Аб чым шумяць над возерам бярозы?
Аб чым гамоняць хвалі між трысьця?
Ці гэта ноч і месяц пад гіпнозам?
Ці я пад хмелем мудрасьці жыцьця?
Як разгадаць?!
А ўрэшце і ня варта
Канцоў прычын няведамых шукаць.
О, не філёзаф я... і не на зорнай варце,
Каб таямніцы сьвету вартаваць.
Мне не дала прырода тонкіх грацый,
I я ня зяць уласьніка, ня кум.
Мне не належаць скарбы і багацьце,
Хоць я і сам багацьця не вазьму.
Дзе за капейку голаву хілілі,
Там я ішоў пагардаю зарэць,
Маё багацьце – песьня творчай ліры,
Мне наканована у песьні дагарэць.
Я кожнай хвойкі гоман адчуваю,
Я чую крокі нават туманоў,
Таму і злосьць і крыўду прабачаю
У лёгкім тлуме творчых аганькоў.
Таму і ноч і месяц пад гіпнозам,
А я пад хмелем музыкі жыцьця.
Мне шэпчуць вершы белыя бярозы,
Мне шэпчуць казкі хвалі між трысьця.
19.III.1929 г.
