Як мрэц
В приложении удобнееQR для скачивания приложенияRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

Читать бесплатно онлайн книгу  Як мрэц

Казімір Сваяк

 

Як мрэц

Было гэта ў ночы ціхой і таёмнай.

У знямозе і месяц ледзь плыў.

Ледзь гвездкі мігцелі ў высі неаб’ёмнай.

I людзі уціхлі, і бор цёмны сніў.

 

Стаяў поўны суму адзін я у полі,

Агнёвае поўны жальбы —

А дух мой хістаўся з глыбокага болю,

А цела самлела з арбы.

 

Аж ноч зашаптала тады ў уміленні:

«Чаму ж ты заўсёды адзін?

Дзе друг твой нядолі, дзе прошласці цені,

Спамін дзе вясёлых гадзін?»

 

І бачыў я з’яву у гэту хвілінку,

У святлянай імгле плыла ў свет:

Панёс яе вецер, як з дрэўца галінку,

Аж хмарка скрывавіла след.

 

«Ты музай была мне і сонца касуляй,

Гарыць што зарнічным святлом;

I кветкай была мне: вясновай саснуляй

Ніколі не звялай, і божым агнём».

 

А месяц глядзеў мне спакойна у вочы,

Спакойна і зімна — як мрэц —

А дух зашаптаў мне таёмнай тэй ночы,

Што журбы маёй не канец.

 

Сціскаевца сэрца балюча-трывожна,

Сябе сам чуццём я калю,

А хоць і укленчыў на месяц набожна,

Не ведаў, каго я малю.

 

Стаіш ты ў вачах маіх зоранькай яснай,

Палаючы, зор твой лаўлю,

Змуцілася думка. Малюся напрасна,

Цябе ненавіджу й люблю.