Читать бесплатно онлайн книгу Коцік, пеўнік і лісіца
Жылі-былі коцік і пеўнік. Добра жылі, дружна. Коцік на паляванне хадзіў, а пеўнік есці варыў, хатку падмятаў, песні спяваў. Аднойчы пайшоў коцік на паляванне, а пеўнік зачыніў за ім дзверы ды пачаў абед варыць. Бяжыць лісіца, убачыла хатку, падскочыла да акенца:
— Гэй, хто тут гаспадар? — Я, — кажа пеўнік. — Пусці ў хатку. — Чаго? — Пасяджу трохі, адпачну з дарогі.
Пеўнік добры быў, пусціў лісіцу ў хатку, а лісіца — цап! — ухапіла яго і панесла дадому. Апамятаўся пеўнік, закрычаў на ўвесь лес:
— Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія норы,
Па барах, да карчах,
Аж бярэ мяне страх!..
Пачуў гэта коцік, прыбег, адабраў у лісіцы пеўніка і завёў яго назад у хатку.
— Ну, — кажа, — глядзі ж, друті раз не пускай лісіцу, бо цяпер я далей пайду і магу не пачуць цябе. — Добра, — кажа пеўнік, — не пушчу. Зноў пайшоў коцік на паляванне. А лісіца — як тут была. — Пеўнік, галубок, разумны лабок, адчыні! — Што табе трэба? — Пазыч агню. — Навошта? — Буду ў печы паліць. — Не адчыню, бо ты схопіш мяне. — Ды не, больш не буду хапаць.
Паверыў пеўнік лісіцы і адчыніў дзверы. А тая — ухапіла яго і панесла. Пеўнік зноў пачаў клікаць коціка:
— Коце, браце!
Мяне ліска нясе
У высокія горы,
У глыбокія воры,
Па барах, па карчах,
Аж бярэ мяне страх!..
Добра, што коцік далёка не адышоўся ад дому: пачуў ён пеўніка, прыбег і адабраў яго ад лісіцы. — Ну, — кажа ён пеўніку, — калі ты і трэці раз адчыніш лісіцы дзверы, то бяда будзе: цяпер я пайду на паляванне яшчэ далей. — Не, — кажа пеўнік, — больш я гэтай ліхадзейцы дзвярэй не адчыню. — Глядзі ж! — і коцік пайшоў у самыя далёкія лясы. Прыбегла лісіца: — Пеўнік, галубок, разумны лабок, дай вугалёк! — Не, цяпер я дзверы табе не адчыню! — Дык ты праз акенца падай. — Праз акенца можна, — згадзіўся пеўнік.
Адчыніў ён акенца, а лісіца ўхапіла яго і панесла. Крычаў, крычаў пеўнік, ды коцік яго так і не пачуў: вельмі ж далека ён зайшоў.
Прынесла лісіца пеўніка дахаты і загадала дочкам у печы паліць, з пеўніка крупнік варыць. А сама пайшла гасцей склікаць.
Вярнуўся з палявання коцік, бачыць — няма пеўніка. «Мусіць, яго зноў лісіца ўхапіла, — падумаў коцік. — Як жа яго цяпер з бяды выратаваць?»
Зрабіў ён скрыпачку галасістую ды пайшоў да лісіцы. Прыйшоў, сеў ля варот і зайграў, прыпяваючы:
— Тылі-тылі, скрыпіца,
Тут сядзела лісіца,
А ў лісіцы новы двор.
Сем дачушак на выбор,
Восьмы пеўнік — гэта мой!
Пачулі лісіцыны дочкі музыку і кажуць:
— Як жа хораша нехта грае, пабяжым паслухаем, а пеўніка зварыць яшчэ паспеем.
Выбеглі яны на двор ды і заслухаліся. Пеўнік жа тым часам не драмаў: выскачыў з лісіцынай хаткі ды пабег з коцікам дахаты. Так і засталася лісіца ні з чым.