Читать бесплатно онлайн книгу Не люба — не слухай
Беларускія народныя казкі
Не люба — не слухай
Адзіп пан дужа любіў слухаць казкі. Раз і прызваў ён мужыка гаварыць казкі. I кажа яму пан:
— Вот талерка золата; калі скажаш ты мне такую казку, каб не было ў ёй ні слова праўды, каб я сказаў на цябе «лжэш», дык тады аддам табе гэту талерку з золатам.
I пачаў мужык.
Чаго, паночак, на свеце не бывае. Вось са мной раз такая прыгода здарылася. Было гэта, як я яшчэ не радзіўся. Наняўся я ў аднаго гаспадара пчол пасціць, — пяцьдзясят раёў пчол. Кожны дзень трэба было іх сашчытаць і выпусціць за пажыўнасцю; вернуцца трэба пералічыць іх, выдаіць і ў вуллі пазаганяць.
Свет вялік, можа быць, праўда, — кажа пан.
Глянуў мужык на золата і гаворыць далей.
— Раз ранкам выпусціў я пчол на пасту. Вярнуліся яны дамоў дванаццаць пчол няма. Што тут рабіць? Можа дзе ў балоце завязлі... Кінуўся я іх шукаць. Як ісці, дык ісці... аж бачу — адзінаццаць пчол ляцяць, акрываўленыя, параненыя, а дванаццатай няма. Будзе бяда!.. Я ісці далей. Бачу — за ракой стада ваўкоў, апанавалі маю пчалу і душаць; яна адбіваецца, не паддаецца ім. Я ну бегчы шпарчэй на помач. Прыбег к рацэ - перавозу няма. А бачу, што яшчэ часінку — і ваўкі яе разарвуць. Я, гэта, схваціў сам сябе за чупрыну, размахаў-размахаў, — як штурхну, так і перакінуўся на той бок ракі.
— Можа быць, — кажа пан.
— Але з разгону як гопнуў я аб зямлю, дык па пояс і ўвяз. Я і туды, я і сюды — не вылезці. Без рыдля нічога не зробіш, думаю сабе. Я, гэта, кінуўся як мага дадому, схапіў рыдзель ды і назад; адкапаў сябе, тады кінуўся к пчале на помач.
— Свет вялік, можа быць, і праўда, — кажа пан.
— Прыбег я к пчале, адагнаў ваўкоў, бачу, што ёй ужо не жыць: па баках боўтаецца мяса, як шмацце, а крыві-крыві!.. Я, нядоўга думаючы, шась яе нажом па горлу і прырэзаў: потым абяліў яе і прывёз мяса дадому: дванаццаць кадзей мяса наклаў!
— Свет вялік, можа быць, і праўда.
— Тут я ўспомніў, што косці засталіся на пожні. Думаю сабе: «Лаяць будуць людзі, што заграмаздзіў касцямі больш дзесяціны сенажаці. Пабягу ды скіну іх у раку». Прыбег стаў паднімаць хрыбет з рабрамі. Падняў я яго, потым як штурхну ад сябе! Я думаў, што ён упадзе ў раку, а ён адным канцом стаіць на зямлі, а другім у неба ўпёрся.
— Свет вялік, можа быць, і праўда.
— Палез я па гэтым хрыбце на неба. Як лезці, дык лезці — і ўзлез. Бачу — у адной хаце пірушка, святыя гуляюць: п’юцьгарэлку і віно, закусваюць, песні такія прэпадобныя пяюць... Ну, думаю сабе, з п’янымі, чалавеча, не займайся, а то яшчэ ненарокам бокі намнуць. Іду далей. У другой хаце святы Мікола набраўся гарэлкі, як пучок, ляжыць пад лавай і храпіць, як пшаніцу прадаўшы.
— Можа, і праўда.
— Каля яго ляжыць шапачка, сама залатая з дарагімі каменнямі. Я гэту шапачку за пазуху ды і назад; аж тут святы Мікола прачнуўся, стаў шукаць сваю шапку. Падняўся крык... Ну, думаю, калі зловяць, — будзе кепска. А тут ніяк не найду таго месца, дзе стаяў хрыбет. Бачу — ляжыць пілавінне. Ядавай з яго вяроўку віць.
Звіў доўгую вяроўку, прывязаў адзін канец яе і стаў спускацца з неба па вяроўцы. Спусціўся да самага канца вяроўкі, а яшчэ зямлі няма. Што тут рабіць? Я, гэта, вазьму ды адрэжу зверху кусок вяроўкі, а знізу надтачу і спускаюся далей.
— Свет вялік, можа быць, і праўда.
— Стаў, гэта, я на зямлю. Бачу — не наша зямля. Ну, думаю сабе, гэта, пэўна, пекла. Іду далей. Аж бачу — панскі бацька, пакойнік, абарваны, абшарпаны, босы, пасвіць свіней.
— Лжэш, хаме!
Мужык цап за талерку з золатам ды і за дзверы.
