Читать бесплатно онлайн книгу автора Адсумаваўшы маладосць сваю
Валеры Маракоў
Адсумаваўшы маладосць сваю
Адсумаваўшы маладосць сваю,
I ён прыйшоў ў краiну лiстапада:
Стамлёны клён абсыпваў галаву
За залатую клетку
Раненага сада…
Ў блакiтным возеры усёй сусветнай
Разбiты месяц горда патанаў,
I хтось з зямлi пужлiва,
Непрыкметна
Яму рукой,
Як з берага, махаў!..
Давай, мой друг далёкi i нязнаны,
Бярэм чаўнок юнацкiх пачуццёў.
У нас ў грудзёх
Адны i тыя ж раны,
Адзiн i той жа ўспыхвае касцёр.
Хутчэй адсюль,
З краiны лiстапада.
Хутчэй к цяплу, i к людзям, i к зямлi.
Хай наш чаўнок
Нясе нас ў дзверы сада,
Дзе зоры з кветкамi на градах дзён ўзышлi.
