Читать бесплатно онлайн книгу Кацярына
Беларускія народныя казкі
Кацярына
Жыў-быў дзед. У яго была дачка Кацярына. Адзін раз дзед пайшоў у лес і найшоў там залатую ступу, прынёс дамоў і кажыць дачцэ:
— Дачушка! Я гэту ступу адпясу пану.
— Не нясі, татулька, пану, бо пан, узяўшы яе, захочыць і таўкачы.
Толькі дзед не паслухаў дачкі, панёс ступу пану. Калі дзед прынёс ступу, пан выйшаў на двор, паглядзеў яе і сказаў дзеду, каб к ступе былі таўкачы. Дзед заплакаў і пайшоў. Прыйшоў дзед дамоў і кажыць дачцэ:
— Праўду ты казала, што пан захочыць і таўкачоў.
Тады Кацярына гаворыць бацьку:
— Ідзі, бацьку, і скажы пану трох дуракоў: адзін, што пацяраў ступу, другі, што знайшоў, а трэці — ты, пан, што ўзяў ступу і хочаш яшчэ таўкачоў.
Дзед пайшоў і сказаў. Тады пан гаворыць:
— Дзед, твая дачка Кацярына разумна. На табе жменьку лёну, знясі яго сваёй дачцэ, няхай яна мне гэты лён спрадзець, саткець і здзелаець мне к вечару рубашку.
Дзед заплакаў і пайшоў дамоў.
Прыйшоўшы, ён сказаў дачцэ, што прыказаў пан. Тады дачка дала дзеду палачку і сказала:
— На табе, татулька, гэту палачку, аднясі яе к пану і скажы яму, штоб ён мне перша здзелаў усё прыпасы для таго, штоб можна было ткаць.
Дзед пайшоў і аддаў пану палачку. Пан узяў яе і сказаў:
— Разумна, брат, твая дачка Кацярына.
Пасля гэтага пан узяў дзесятак яец, зварыў іх і сказаў дзеду.
— Штоб твая дачка пасадзіла курыцу на гэтыя яйкі і штоб цераз дзве нядзелі былі цыпляты.
Дзед заплакаў і пайшоў дамоў.
Прыйшоўшы, аддаў дачцэ яйкі і сказаў, што пан прыказаў.
Тады дачка ўзяла гарнец ячменю, зварыла яго і сказала бацьку, штоб ён яго аднёс пану, штоб ён яго пасеяў, зжаў, змалаціў і надраў круп, каб было чым карміць цыплят.
Дзед пайшоў і аддаў ячмень папу. Пан тады сказаў:
— Разумна твая дачка Кацярына, але ты ёй скажы, штоб яна ка мне ні прыйшла, ні прыехала, ні сытая, ні галодная, ні голая, ні адзетая.
Дзед пайшоў і кажа гэта Кацярыне. Яна тады ўзяла наварыла жыдкага кісялю, нахлябалася яго, укруцілася ў сетку, узяла труса, села на казла і паехала к пану. Толькі што пан з акошка ўвідзіў Кацярыну, вялеў напусціць на яе сабак. Як толькі сабакі і кінуліся на яе, яна зараз кінула ім труса, а сама на казле пад’ехала пад крыльцо к пану. Пан выйшаў к Кацярыне, гаворыць:
— Я ж табе казаў, што б ты ні прыйшла, ні прыехала, ні сытая, ні галодная, ні голая, ні адзетая.
— А я ж так кісялю паела, сець надзела і на казле прыехала.
— Ну, будзем, Кацярына, жаніцца, — сказаў пан.
— Будзем, паночак.
— Толькі ты, Кацярына, мой суд не перасуджвай.
— А пан на мяне «брэдзіш» не скажа.
Вот яны і ажаніліся і жывуць. Толькі раз, у навозную талоку, у аднаго мужыка жарабілася кабыла, а жарабёнак падкаціўся пад калёсы. Тады мужыкі началі спорыць. Адзін гаворыць: «Мая кабыла жарабілася», другі: «Мае калёсы». I пан гаворыць: «Калёсы жарабіліся».
Тады Кацярына сказала, штоб калёсы і кабылу пусцілі з гары, за кім пабяжыць жарабёнак, таго кабыла. Пан кажа:
— Кацярына! Ты мой суд перасудзіла.
— На ночы ў майго бацькі, — сказала Кацярына, — куры, узлезшы на дом, клювалі звёзды, а шчукі, вылезшы з вады, сабіралі гарох.
— Што ты брэдзіш?
— Во, пан, на мяне сказаў «брэдзіш».
— Будзем, Кацярына, разжэньвацца.
— Будзем, паночак.
Тады Кацярына ўзяла напаіла гарэлкай пана, палажыла яго Ў лодку і паехала з ім пa рацэ. Толькі пан прачнуўся і гаворыць:
— Вернемся, Кацярына, у двор.
Пасля гэтага пан і Кацярына сталі жыць і пажываць умесце.
