Читать бесплатно онлайн книгу Уцёкі Кейстута з Мальборга
Ян Чачот
Уцёкі Кейстута з Мальборга
Ой, быў мулярам наш Кейстут,
Як яго прыгнула доля:
У Мальборгу мур вязніцы
Малатком прабіць ён здолеў!
Разам з Альфам, што служыў там,
Дзёўб той мур штоноч зацята -
Толькі б з сцен крыжацкіх воля
Зоркай бліснула крылата!
Ой, наш Кейстут крыжаком быў!
Дзякуй Альфу - з ім праз гоні
Князя ў белым з крыжам чорным
Проста ў зоры неслі коні!
На дарозе - Wer-da? - варта
Супыніла іх у браме.
Штосьці немцам Альф пабаіў
І - зноў гром пад капытамі!
Ды не злодзей Кейстут: немцам
Плашч іх белы з чорным крыжам,
Коней іх - усё вярнуў ён,
Нават шчыт з іх мечам хіжым.
Пеша брыў ён да Мазоўша,
Дзе жыла дачка Данута
З князем Янушам. Іх замак
У аблокі меціў крута.
Шмат дачцы было ужо ўцехі!
Толькі Кейстут рваўся ў Трокі,
Каб хутчэй сваёй Біруты
Смутак-жаль прагнаць глыбокі.
Немцу ж дзякуй за гасціннасць
Шле ў пісьме і абяцае:
Калі ён магістра ўловіць,
То надзейней ухавае!
