Читать бесплатно онлайн книгу  Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Читать полностью
Бесплатный отрывокЧитать

Пітэр Кваснеўскі

Адраджэнне пасярод крызісу

Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»


Переводчик Максім Аляксандравіч Фоміч





16+

Оглавление

  1. Адраджэнне пасярод крызісу
  2. Ад перакладчыка
  3. Прадмова
  4. Падзяка
  5. Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема
    1. І
    2. Страх перад рытуалам
    3. Музыка і начынне, годныя Божага дому
    4. II
    5. Нефармальная духоўнасць
    6. Калі не станеце як дзеці
    7. Verbum caro factum est супраць шматслоўнасці
  6. Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека
    1. Слова супраць шматслоўнасці
    2. Мова цяжкая і мова лёгкая
    3. Усепаглынаючая малітва
    4. Закон спадаючай даходнасці
    5. Святое Пісанне: колькасць ці якасць?
    6. Рэформа, якая падманула чаканні Сабору
  7. Раздзел 3. Сімволіка цішыні і пустаты
    1. Communicatio in sacris
    2. Адно Слова ў дзвюх кнігах
    3. Прэзбітэрый для душы
    4. «Шум ціхага ветру…»
  8. Раздзел 4. Сузіранне нязменнай праўды
    1. Ясныя і зразумелыя ідэі
    2. Вызнанне веры
    3. Прызнанне Бога Богам
    4. Для Бога ці для людзей?
  9. Раздзел 5. Літургія фарміруе Хрыста ў нас: «Ён павінен павялічвацца, я павінен памяншацца»
    1. Вавілонскі палон
    2. Пакора перад абліччам таямніцы
  10. Раздзел 6. Нашчадак Арыя ў святым святых
  11. Раздзел 7. Пяць ранаў і Касцёл будучыні
    1. Замкнёнае кола
    2. Пыхлівая пастава
    3. Мёртвая мова
    4. Свабодныя служэнні
    5. Традыцыя, наша адзіная будучыня
  12. Раздзел 8. Тэатральны і дэзарыентаваны абрад
    1. Ахвяры народных моваў
    2. Пасілак і таямніца
  13. Раздзел 9. Страта літургічных скарбаў цыклу святых
    1. Страта чытанняў, прыдатных да літургіі
    2. Скасаванне «архаічных» святых
    3. Вытрымка, навука і малітва
  14. Раздзел 10. Страта ласкі: прыватныя Імшы супраць канцэлебрацыі
    1. Штодзённае ахвяраванне
    2. Каласальная розніца
    3. Праблема з канцэлебрацыяй
    4. Слова за Папамі
    5. Паток ахвяры
  15. Раздзел 11. Доўгатэрміновы ўплыў літургічнай рэформы на хрысціянскі экуменізм
  16. Раздзел 12. Лаціна, ідэальная літургічная мова для Заходняга Касцёла
  17. Раздзел 13. Каталіцкае выхаванне і святая літургія
    1. Магістэрская ступень у школе літургіі
    2. Настаўнік духоўнага жыцця
    3. Вернасць мінуўшчыне азначае плённасць у сучаснасці
    4. Значэнне «рэформы» ў Касцёле
  18. Раздзел 14. Патройная амнэзія: святая літургія, сацыяльнае вучэнне і святы Тамаш
    1. Сферы самаразбурэння
    2. Шматлікія і глыбокія сувязі
    3. Працэсія Божага Цела
    4. Хрысціянская экасістэма
  19. Сем гадоў пасля публікацыі Summorum Pontificum: дзе мы знаходзімся і дзе павінны знаходзіцца
  20. Бібліяграфія

Ад перакладчыка

На працягу стагоддзяў святая Імша ў старажытным рымскім абрадзе выхоўвала бясконцыя шэрагі як славутых, так і невядомых святых. Цяпер, пасля цёмных гадоў ХХ ст., яна зноў вяртаецца ў літургічнае жыццё Каталіцкага Касцёла. Дзякуючы пастановам Папы Бенедыкта XVI скарбы традыцыйнага абраду не толькі не былі страчаны, але і сталі даступны кожнаму верніку, які таго пажадае.

Нягледзячы на існуючыя магчымасці гэтая літургія ў нашай краіне ўводзіцца і прымаецца не вельмі ахвотна. Звязаць гэта можна з дзвюма прычынамі. З аднаго боку, святары справядліва задаюць сабе пытанне, ці прынясуць рэальную карысць іхнія высілкі па вывучэнні традыцыйнага абраду і ці варта ўвогуле ўводзіць яго ў сваіх парафіях. З іншага боку, вернікі таксама рэдка ўсведамляюць тое дабро, якое яны маглі б атрымаць, і не просяць святароў аб рэгулярнай цэлебрацыі гэтай формы Імшы.

Кніга амерыканскага філосафа і публіцыста Пітэра Кваснеўскі, якую вы трымаеце ў руках, мае на мэце зрушыць гэтую сітуацыю з мёртвай кропкі і прадставіць каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы для духоўнага жыцця каталікоў і місіі Касцёла ў цэлым. Аўтар закранае шматлікія аспекты гэтай формы Імшы (лацінскую мову, цішыню і грыгарыянскі спеў, арыентацыю святара, характар малітваў і календара), аспрэчваючы распаўсюджаныя міфы і паказваючы перавагу традыцыйных элементаў культу ў кантэксце «беспрэцэдэнтнага крызісу ідэнтычнасці», у якім знаходзіцца Касцёл у нашыя часы. Такое прадстаўленне традыцыйнага абраду непазбежна прыводзіць да яго параўнання з сённяшняй літургічнай практыкай. На працягу ўсёй кнігі Кваснеўскі ставіць перад звычайнай формай рымскага абраду вострыя пытанні, робячы гэта далікатна, але ад гэтага не менш шчыра.

Цытаты з Новага Запавету, кнігі Псальмаў, дакументаў Другога Ватыканскага сабору і іншых паслясаборных дакументаў у гэтай кнізе па магчымасці прыводзяцца паводле афіцыйных выданняў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Цытаты з іншых касцёльных дакументаў прыводзяцца ва ўласным перакладзе з англійскай мовы. Цытаты са Старога Запавету даюцца паводле Бібліі ў выданні Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (Мінск, 2017). Літургічныя тэксты візантыйскай літургіі даюцца паводле Службоўніка БГКЦ (Мінск, 2004) з захаваннем яго тэрміналогіі і прывядзеннем да аднастайнага правапісу.

Шчыра дзякую а. Міхалу Ермашкевічу ОР і Дзмітрыю Цаўлоўскаму, якія згадзіліся прачытаць рукапіс і зрабіць важныя заўвагі. Вялікую ўдзячнасць выказваю таксама д-ру Пітэру Кваснеўскі за дазвол на публікацыю гэтай кнігі і пастаяннае кансультаванне пры яе падрыхтоўцы.

Спадзяюся, што прадстаўленыя тут аргументы не толькі паслужаць падтрымкай тым, хто ўжо адкрыў для сябе прыгажосць традыцыйнай рымскай літургіі, але і дапамогуць усім чытачам убачыць «важныя духоўныя ўрокі, паэтычную прыгажосць, катэхетычную вартасць, суцяшальнае ўздзеянне на душу», якія нясе ў сабе традыцыйная лацінская Імша.

Прадмова

Гэтая кніга закранае фундаментальныя праблемы, звязаныя са святой літургіяй, і робіць асаблівы націск на пастаянную і непраходзячую каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы (таксама вядомай пад назвамі usus antiquior і надзвычайнай формы рымскага абраду), прысутнасць якой хутка пашыраецца, асабліва ў англамоўным свеце. Таксама я часта падымаю тэмы, звязаныя з канцэпцыяй «рэформы рэформы». Цяпер як ніколі патрэбна тэалагічнае і філасофскае разважанне над адраджэннем usus antiquior і над тым, як гэтая старэйшая форма можа ўзбагаціць больш новую форму рымскага абраду і выявіць яе слабыя месцы, якія патрабуюць выпраўлення. Такое паяднанне апалогіі і крытыкі, якое разгортваецца на гэтых старонках, з’яўляецца маім унёскам у «новы літургічны рух», да якога заахвочваў Папа Бенедыкт XVI, а таксама ў вялікае аднаўленне Касцёла, якому ён даў пачатак.

Пасля Другога Ватыканскага сабору Рымска-каталіцкі Касцёл трапіў у беспрэцэдэнтны крызіс ідэнтычнасці, які пашырыўся нават на яго дагэтуль нязломныя вучэнне і духоўнасць, на яго апостальскую і місіянерскую працу. На думку Папы Бенедыкта XVI, гэты крызіс у значнай ступені бярэ пачатак з праблем у святой літургіі, якая крок за крокам псавалася пад уплывам новай тэалогіі і эксперыментаў. У выніку мы атрымалі замяшанне, трывогу і разбурэнне. Цягам той жа паловы стагоддзя ўсё большая колькасць каталікоў стала бачыць у традыцыйнай літургіі Касцёла адзін з яго найвялікшых скарбаў: сведчанне артадаксальнай веры, скалу духоўнага жыцця, бясконцую крыніцу сапраўднай і жывой пабожнасці, жывы выраз каталіцкага духу. Гэтыя вернікі далучыліся да невялікай групы тых, хто ўжо падчас Сабору альбо адразу пасля яго ведаў, што дагрукацца да сучаснага чалавека Касцёл можа не праз перастройванне сябе і ўсіх сваіх рэсурсаў пад цьмяную і няўстойлівую сучаснасць, а дзякуючы нястомнай працы па фарміраванні чалавека пад уздзеяннем спрадвечнага вучэння і пры дапамозе правераных і асвячаных стагоддзямі сродкаў, якія ён атрымаў ад Божага Провіду.

Падчас пантыфікату Папы Бенедыкта XVI мы сталі сведкамі 50-гадовага юбілею адкрыцця Другога Ватыканскага сабору, у якім ён прымаў актыўны ўдзел. Спачатку ён сімпатызаваў ліберальнай фракцыі, аднак пазней скардзіўся на тое, што вучэнне Сабору сказілі і выкарысталі ў сваіх мэтах, прыкрываючыся духам «віртуальнага» і «медыйнага» Сабору. Ён справядліва патрабаваў — як патрабаваў бы кожны каталік — каб дакументы Сабору чыталі, абапіраючыся на «герменеўтыку неразрыўнасці» з тым, што было перад гэтым, і з пазнейшымі тлумачэннямі. Займаючы ў папскім служэнні абарончую пазіцыю, Папа Бенедыкт XVI стараўся выправіць многія рэчы, якія за апошнія пяць дзесяцігоддзяў пайшлі ў абсалютна памылковым напрамку.

Каб зразумець, што адбылося цягам гэтай паловы стагоддзя, можна паразважаць над далікатным балансам паміж заданнямі Касцёла ad infra і ad extra, якія з’яўляюцца двума бакамі аднаго медаля. Можна сказаць, што Касцёл мае сваё ўласнае ўнутранае жыццё: літургічнае, сакрамэнтальнае, духоўнае, інтэлектуальнае — якое вызначаецца спалучэннем Святога Пісання, святой традыцыі і Магістэрыя. Гэтае жыццё трэба даглядаць, узрошчваць, ахоўваць, паглыбляць, каб яно само па сабе заставалася здаровым і актыўным. У той жа час Касцёл мае пастаяннае місіянерскае заданне — заклік выходзіць у свет няверуючых, прапаведаваць яму, навяртаць яго, асвячаць яго, супрацьстаяць яго памылкам і змагацца з яго праблемамі. Шляхетным намерам св. Яна ХХІІІ, вельмі традыцыйнага Папы ў многіх адносінах, было зрабіць так, каб скарбы ўнутранага жыцця Касцёла пачалі ўздзейнічаць на сучаснасць і на знешні свет. Менавіта з гэтай мэтай ён склікаў як Рымскі сінод, так і больш вядомы Другі Ватыканскі сабор. Ён жадаў, каб Каталіцкі Касцёл выдаў Божае святло і праўду, каб ён узмоцніў сваю апостальскую дзейнасць, якая квітнела ўжо пры пантыфікаце Пія ХІІ.

Што насамрэч адбылося ў гады Сабору і адразу пасля яго, добра вядома. Касцёл прайшоў праз перыяд амнэзіі ad intra і страціў сваю ідэнтычнасць з-за інтаксікацыі ad extra. Мы забыліся пра тое, што калі свой уласны дом, свая ўласная душа не ў парадку, то мы не маем нічога годнага, каб падзяліцца са светам; што прапаведаванне Добрай Навіны няверуючым эфектыўнае толькі тады, калі па прыбыцці ў Касцёл іх чакае штосьці неверагодна добрае. Аднак замест таго, каб заклікаць Божы люд да здаровага пакаяння і аб’явіць шырокае аднаўленне ad intra, Папа Павел VI і шматлікія іерархі працягвалі далей і далей, з усё большай нелагічнасцю прасоўваць непрадуманую праграму ad extra. Увядзенне радыкальна новай формы літургіі прыпячатала гэтую аднаўленчую траекторыю і на пэўны час прыдушыла выхаванне інстытуцыйнай памяці і ідэнтычнасці. Сапраўды, захаванне моцнай сувязі з мінуўшчынай пачало сярод многіх духоўных і свецкіх асобаў лічыцца небяспечнай справай, якая перашкаджае актуальнасці, эфектыўнасці, сціпласці і беднасці.

Кажучы коратка, гісторыя Касцёла ад Сабору да сённяшняга дня — гэта гісторыя зацятых высілкаў ad extra без дастаткова глыбокіх унутраных рэсурсаў альбо, што яшчэ горш, з адначасовым скажэннем і падаўленнем гэтых рэсурсаў. Як адзначалі многія, цягам апошніх пяцідзесяці гадоў часта здавалася, што інстытуцыянальны Касцёл нашмат больш клапоціцца пра атэістаў, мадэрністаў і не-каталікоў рознага кшталту, чым пра сваіх верных дзяцей, якія хочуць верыць у тое, у што верылі заўсёды, і жыць так, як святыя мужчыны і жанчыны заўсёды імкнуліся жыць, «у свеце, але не ад свету». На думку прыходзяць словы святога Паўла: «Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры» (Гал 6:10), і яшчэ: «Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага» (1 Цім 5:8).

Касцёл — гэта Божая сям’я, а пастыры служаць in loco parentis — то чаму іх няма? Ці сапраўды яны дбаюць пра сваіх дзяцей і пра іх першасныя патрэбы? Экуменізм, міжрэлігійны дыялог, справы ў сферы сацыяльнай справядлівасці і нават евангелізацыя будуць марнымі, калі спачатку не апрануць, не накарміць і не навучыць сваіх вернікаў — не апрануць частым і годным прыняццем сакрамэнтаў, не накарміць прыгожай і паважлівай святой літургіяй, не навучыць грунтоўным ведам праз катэхізацыю, прапаведаванне і школьную адукацыю.

Таму пасля сарака гадоў блукання ў пустыні пантыфікат Папы Бенедыкта XVI здаваўся і сапраўды аказаўся пераломным момантам, подыхам свежага ветру. Гэта быў час на тое, каб заняцца станам сваёй душы, каб прывесці ў парадак наш дом, каб аднавіць літургію з яе найглыбейшых крыніцаў і зноў навучыцца таму, што такое тая Добрая Навіна, якою мы павінны дзяліцца з нашым бліжнім. Пантыфікат Ёзафа Ратцынгера пачаў сістэматычна лячыць амнэзію і інтаксікацыю. Сярод усіх плёнаў, якія гэты пантыфікат нарадзіў сярод каталікоў ва ўсім свеце, апостальскае пасланне Summorum Pontificum назаўсёды застанецца помнікам спробе зрабіць разумную змену праз заклік вернікаў да нязменных Традыцыі, духоўнасці і стылю жыцця, што адлюстравалася таксама і ў даце публікацыі гэтага дакумента: сёмы дзень сёмага месяца сёмага года новага тысячагоддзя.

Пантыфікат Папы Бенедыкта быў кароткім, аднак навучанне, прыклад і заканадаўства гэтых васьмі гадоў у новым стагоддзі акажуцца гарчычным зернем сапраўднага аднаўлення і прароцкім асуджэннем памылковага аднаўлення. У любым выпадку, гэта наш прывілей — хоць і не нашая заслуга — з удзячнасцю і гарачым сэрцам прыняць традыцыйную каталіцкую ідэнтычнасць, духмяную жывую памяць Божых дароў, дзеля абароны і развіцця якіх Ёзаф Ратцынгер/Бенедыкт XVI так шмат зрабіў, і дазволіць гэтаму зерню прынесці плён у нашым жыцці. Большага нам не зрабіць, але і гэтага дастаткова. Таму што Бог можа ўзяць нават некалькі хлябоў і рыбін і бясконца іх размножыць.

Калі мы думаем пра веліч задання, якое даручыў нам Папа Бенедыкт XVI, — задання аднаўляць нашу веру ад самых вытокаў і ў неразрыўнасці з Традыцыяй — і калі мы разважаем, наколькі шмат працы і цярпення нас чакае, пакуль мы будзем імкнуцца ўвесці ў практыку глыбокае вучэнне пра святую літургію, якое наш Пан даў нам праз гэтага вялікага Папу, у нас можа ўзнікнуць знеахвота і жаданне кінуць гэтае змаганне, асабліва ў тыя часы, калі шмат людзей у Касцёле, здаецца, бяжыць ад узыходзячага святла ў апраметную цемру сямідзясятых. Аднак няхай нас натхняе прыклад многіх шляхетных мужчын і жанчын, клерыкаў, законнікаў і свецкіх, якія ад часоў Сабору і да сённяшняга дня змагаліся ў добрым змаганні; няхай нас таксама падтрымлівае нязменная духоўнасць, якая ляжыць у аснове бенедыктынскай манаскай мадэлі і ў якой знаходзіў натхненне Святы Айцец. Як казаў абат Поль Дэлат OSB:

«Цярплівасць жа павінна мець дасканалае дзеянне», а дзеянне яе ў тым, каб нягледзячы ні на што падтрымліваць у нас добры стан розуму і веры. Абдымем жа адвагу абедзвюма рукамі, схопім жа гэтую благаслаўлёную цярплівасць так моцна, каб нічога ў свеце не магло нас адарваць ад яе: ад patientiam amplectatur. Цяпер не час стагнаць, апраўдваць сябе і дыскутаваць. Калі б наш Пан адмовіўся цярпець, мы не былі б збаўленыя. Цяпер час падставіць свае плечы і ўзяць крыж, час без стогну і затрымак у дарозе несці ўсё, што Бог хоча, і да таго часу, пакуль Ён гэтага хоча… Няма духоўнай будучыні для нікога, як толькі для тых, хто вытрымае такім чынам. Калі мы паабяцаем сабе цвёрда стаяць і чакаць, пакуль не пройдзе бура, тады мы ўдасканалім у сабе моц вытрымкі[1].

 Dom Paul Delatte OSB, «The Rule of St. Benedict: A Commentary», перакл. Dom Justin McCann OSB (London: Burns, Oates, and Washbourne, 1921), 116.

[1] Dom Paul Delatte OSB, «The Rule of St. Benedict: A Commentary», перакл. Dom Justin McCann OSB (London: Burns, Oates, and Washbourne, 1921), 116.

«Цярплівасць жа павінна мець дасканалае дзеянне», а дзеянне яе ў тым, каб нягледзячы ні на што падтрымліваць у нас добры стан розуму і веры. Абдымем жа адвагу абедзвюма рукамі, схопім жа гэтую благаслаўлёную цярплівасць так моцна, каб нічога ў свеце не магло нас адарваць ад яе: ад patientiam amplectatur. Цяпер не час стагнаць, апраўдваць сябе і дыскутаваць. Калі б наш Пан адмовіўся цярпець, мы не былі б збаўленыя. Цяпер час падставіць свае плечы і ўзяць крыж, час без стогну і затрымак у дарозе несці ўсё, што Бог хоча, і да таго часу, пакуль Ён гэтага хоча… Няма духоўнай будучыні для нікога, як толькі для тых, хто вытрымае такім чынам. Калі мы паабяцаем сабе цвёрда стаяць і чакаць, пакуль не пройдзе бура, тады мы ўдасканалім у сабе моц вытрымкі.

Падзяка

Хоць тэкст і заўвагі для выкарыстання ў гэтай кнізе былі перапрацаваны, часам даволі істотна, матэрыял раздзелаў 1–12 і 14 упершыню быў апублікаваны ў часопісе The Latin Mass: The Journal of Catholic Culture and Tradition, а менавіта: «Урачыстасць як цэнтральная праблема» ў 17.1 (зіма 2008), 8–12 і 17.2 (вясна 2008), 6–11; «Слова Бога і шматслоўнасць чалавека» ў 17.4 (восень 2008), 12–19; «Сімволіка цішыні і пустаты» ў 15.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2006), 6–11; «Сузіранне нязменнай Праўды» ў 17.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2008), 14–19; «Літургія фарміруе Хрыста ў нас: Ён павінен павялічвацца, я павінен памяншацца» ў 15.2 (вясна 2006), 12–15; «Нашчадак Арыя ў Святым святых» у 15.4 (восень 2006), 26–33; «Пяць ранаў і Касцёл будучыні» у 21.2 (лета 2012), 12–19; «Тэатральны і дэзарыентаваны абрад» у 16.1 (зіма 2007), 34–39; «Страта літургічных скарбаў цыклу святых» у 16.4 (восень 2007), 30–35; «Страта ласкі: прыватныя Імшы супраць канцэлебрацыі» у 19.1 (зіма 2010), 6–9; «Доўгатэрміновы ўплыў літургічнай рэформы на хрысціянскі экуменізм» у 15.3 (лета 2006), 32–36; «Лаціна, ідэальная літургічная мова для Заходняга Касцёла» ў 20.2 (вясна 2011), 6–9; «Патройная амнэзія: святая літургія, сацыяльнае вучэнне і святы Тамаш» у 16.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2007), 6–11. У сваёй арыгінальнай форме раздзелы 2, 5, 8 і 11 былі апублікаваны пад псеўданімам. Раздзел 13 быў апублікаваны пад назвай «Выхаванне і літургія: думкі з нагоды саракагадовага юбілею закрыцця Другога Ватыканскага сабору» ў часопісе The Downside Review 124 (красавік 2006), 135–148. Я дзякую рэдактарам гэтых перыядычных выданняў за дазвол паўторна апублікаваць матэрыял, які ўпершыню з’явіўся на іх старонках. Пасляслоўе было апублікавана ў выглядзе двух артыкулаў: аднаго на старонцы New Liturgical Movement і аднаго на старонцы OnePeterFive.

Калі не пазначана іначай, пераклады прац св. Тамаша і іншых аўтараў з’яўляюцца маімі ўласнымі. У выпадку «Сумы тэалогіі» я шчодра карыстаўся класічным перакладам, які выканалі айцы Англійскай дамініканскай правінцыі і які цяпер знаходзіцца ў грамадскім набытку. Святое Пісанне зазвычай цытуецца па Revised Standard Version.

На працягу гадоў многія мае сябры ахвотна чыталі рукапісы і рабілі заўвагі, з якіх паўстала мноства ўдасканаленняў як у змесце, так і ў стылі. Я хацеў бы падзякаваць ім па імёнах: а. Томас Болін OSB, кс. Рабэр Фрамажо FSSP, Джэрэмі Холмс, Тадэвуш Казінскі, Рональд Лоусан і кс. Джон Савард. Пасля падзякі за іх дапамогу дазвольце мне дадаць, што меркаванні, выказаныя на гэтых старонках, неабавязкова належаць ім, а за любыя пазасталыя хібы і памылкі нясу адказнасць толькі я. Усе свае меркаванні і суджэнні я аддаю на разгляд уладзе Святога Рымскага Касцёла, у паслухмянасці якому і ў падпарадкаванні Вярхоўнаму Пантыфіку якога я жадаю жыць і памерці.

Я таксама дзякую маёй жонцы Кларыс і маім дзецям Джуліяну і Роўз за іх цярплівасць і добрае стаўленне да чалавека, які сваімі паводзінамі хутчэй пацвярджае, чым абвяргае стэрэатып пра рассеянага прафесара.

Нарэшце, я хачу асаблівым чынам падзякаваць двум пастырам, якія навучылі мяне, як трэба следаваць за нашым Панам на простай дарозе святой літургіі і Традыцыі: Папу на пенсіі Бенедыкту XVI і абату Касіяну Фолсаму OSB, настаяцелю кляштара св. Бенедыкта ў Норчы, Італія. Пра першага з іх наўрад ці трэба казаць, бо ягонае вучэнне і прыклад добра вядомыя ва ўсім свеце; яны і стаяць за ўсімі маімі думкамі і тэкстамі пра літургію. Пра а. Касіяна ж будзе дастаткова сказаць, што да сустрэчы з ім і да знаёмства з яго супольнасцю я ведаў пра прыгажосць і святасць літургіі больш па чутках, нібы здалёк; але дзякуючы яму і ягоным сабратам мае вочы шырока адкрыліся на бязмерныя глыбіні літургіі — гэтай пастаяннай і невычэрпнай крыніцы жыцця. Папу Бенедыкту XVI і а. Касіяну я з удзячнасцю прысвячаю гэтую кнігу.

Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема

І

Сястра Тома Аўгустына Бекер апісвае тое, што яна лічыць важнай крыніцай сучаснага літургічнага напружання ў Касцёле:

Мне здаецца, што пасля рэалізацыі рэформы, ініцыяванай Другім Ватыканскім саборам, большасць разыходжанняў наконт літургіі так ці інакш датычыцца ўрачыстасці… Аргументавана сцвярджаецца, што ўрачыстасці зашмат ці замала, або прапаноўваецца цалкам новае бачанне таго, што такое ўрачыстая літургія, але амаль заўсёды ў цэнтры непаразумення знаходзіцца пытанне пра пэўную ступень ўрачыстасці ў літургіі[1].

Можна задаць сабе пытанне, ці ўвогуле бывае «зашмат» урачыстасці. Таксама можна пацікавіцца, ці задумваліся хоць бы крыху парафіяльныя рады, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў аўтарытарна вызначалі малітоўнае жыццё парафіянаў, над паняццем урачыстасці. Аднак сястра кажа пра важную праўду. Розніца паміж добрай і дрэннай літургіяй, калі абапірацца на меркаванне Касцёла, часта зводзіцца да розніцы паміж малітвай урачыстай, фармальнай і пабожнай — і малітвай неахайнай і павярхоўнай, з выразна нефармальнай атмасферай. Таму я пачаў цікавіцца: чаму ў сучаснай літургіі ў тым выглядзе, як яна служыцца ў касцёлах па ўсім свеце, так не хапае ўсяго, што заслугоўвала б апісання словам «урачысты»?

Найперш я задаў сабе пытанне, ці можа гэта быць праблемай, характэрнай для Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду, якая служыцца па Імшале Паўла VI. Але мае шчаслівыя ўспаміны пра набажэнствы аратарыянцаў[2], дзе той жа Імшал выкарыстоўваўся з бляскам і сур’ёзнасцю, змусілі мяне прызнаць, што праблема не ў самім Імшале (прынамсі не так проста і непасрэдна), хоць ён і мае хібы ў многіх адносінах. Бо, з аднаго боку, цэлебрацыю сучаснага рымскага абраду магчыма прывесці ў яўную, бачную адпаведнасць з папярэдняй формай, як гэта навучыліся рабіць аратарыянцы, але, з іншага боку, шмат у чым Імшал Паўла VI не заахвочвае і не патрабуе ўрачыстасці, тады як традыцыйны Імшал робіць гэта сістэматычна. Сярод іншых прычын, чаму некаторыя святары сёння не жадаюць вывучаць старую Імшу, напэўна, ёсць і тое, што яна вельмі пераборлівая і патрабавальная ў сваіх прадпісаннях наконт мовы, паставаў цела і жэстаў.

Калі я разважаў над гэтым пытаннем, усепранікальная адсутнасць урачыстасці здавалася мне хутчэй праблемай людзей і іх пастыраў. Яна выклікана тым, што бацькі называюць «кепскімі манерамі». Гэтыя манеры можна ахарактарызаваць як збянтэжанасць або (няхай дапаможа нам добры Бог) нудоту ад згадвання самой толькі ідэі ўрачыстасці, ад праяўлення выражанай пашаны хоць да чаго — ці то мова ідзе пра пашану, якая выяўляецца ў анельскай музыцы, ці то пра ціхае сузіранне. На жаль, вынікам становіцца не проста «недахоп» урачыстасці, а занядбанне і пагарда той урачыстасцю, якой патрабуе эўхарыстычная таямніца. Звычайную форму рымскага абраду можна выканаць добра, аднак яна рэдка служыцца ў духу ўсеабдымнай урачыстасці, тады як для надзвычайнай формы ўрачыстасць, або прынамсі сакральная годнасць, гэта тая атмасфера, у якой яна жыве і рухаецца, у якой знаходзіцца яе самае існаванне. Асабліва моцна гэтую праўду ілюструе ўрачыстая спяваная Імша, хоць спяваная Імша, альбо Missa cantata, таксама не адстае ў гэтым, а прыватная Імша адданага манаха можа быць пераломным момантам у жыцці кожнага, хто меў прывілей удзельнічаць у ёй. Падтрыманы багатай літургічнай культурай Еўропы ХІІІ ст., св. Тамаш Аквінскі мог спакойна сцвярджаць: «Паколькі гэты сакрамэнт [Эўхарыстыі] заключае ў сабе ўсю таямніцу нашага збаўлення, мы цэлебруем яго больш урачыста, чым астатнія сакрамэнты»[3]. На ўвазе маецца, што ўсе іншыя сакрамэнты таксама цэлебраваліся (і павінны цэлебравацца) урачыста.

Смерць урачыстасці, пра якую сведчыць нудная музыка Імшаў на народных мовах, убранне і млявая выпраўка святароў і прыслугоўваючых, размяшчэнне нязграбнага стала, які выконвае функцыю развернутага алтара, адцягванне ўвагі знакам супакою і іншыя падобныя рэчы, паказвае на страту веры, на страту ўпэўненасці, на страту адказнасці і духоўнага аўтарытэту. Святар больш не ўпэўнены ў сваёй ролі настаўніка, кіраўніка і асвячальніка sub et cum Christo. Гэты крызіс упэўненасці адлюстроўвае больш агульную страту веры ў высокае службовае пакліканне святара да таго, каб стаяць на месцы Хрыста, прадстаўляючы Найвышэйшага і Вечнага Святара[4]. Страта ўрачыстасці наўпрост звязана са стратай веры ў Сапраўдную Прысутнасць, ахвярную прыроду Імшы і духоўны аўтарытэт святарскага служэння. Таму яна звязана з пасіўнай або актыўнай абаронай такой заганы, як бестурботнасць у адносінах да боскіх рэчаў, і гэта прыводзіць да таго, што ў нашых вачах яны перастаюць выглядаць боскімі, нават калі яны застаюцца боскімі самі па сабе. Аслабляецца сур’ёзнасць, падрываецца ўрачыстасць, што сама сабою прыходзіць да сур’ёзнага святара, які сціпла служыць святым Божым таямніцам[5].

Страх перад рытуалам

Адной з многіх памылак, якія атруцілі літургічную рэформу, была пагарда да рытуалу, якая паходзіла з меркавання, што рытуал трымае людзей наводдаль і перашкаджае святару «ўступаць у кантакт» з людзьмі. Новы Імшал быў «дэрытуалізаваны», альбо прынамсі ён дазваляе святару і нават заахвочвае яго дэрытуалізаваць Імшу: дадаваць у літургію імправізаваныя рэмаркі, рухацца нефармальным чынам і запрашаць у прэзбітэрый шматлікіх не апранутых адпаведным чынам свецкіх асобаў, што цалкам супярэчыць духу рытуалу і Божага культу. Томас Дэй у сваёй кнізе «Why Catholics Can’t Sing» («Чаму каталікі не могуць спяваць») прыводзіць захапляльнае (і жахліва праўдзівае) апісанне таго, як цяперашнія рубрыкі ў спалучэнні з кепскай адукацыяй і неразумнымі традыцыямі прыводзяць да шызафрэнічных літургій, да відавочна рытуальнай цырымоніі, у якой людзі паводзяць сябе так, быццам бы цырымонія не з’яўляецца рытуалам. Святар у рытуальным убранні выходзіць у бакавую наву, пачынаючы спяваць гімн. Ён падыходзіць да алтара. Ён папраўляе мікрафон. Ён глядзіць на сабраных. Ён усміхаецца і пераходзіць да поўнай банальнасці: «Добры дзень, браты і сёстры!» І зноў да рытуалу: «У імя Айца…» І зноў да балбатні: «Сёння літургія нам кажа пра тое, што, як бы мы ні стараліся, мы ўсё адно робім памылкі, і таму мы звяртаемся да Бога з просьбай аб міласэрнасці». І зноў да рытуалу: «Пане, змілуйся над намі». І гэтае туды-сюды працягваецца, пакуль ён не адпускае народ са словамі «Усім добрага дня!»

На працягу доўгага часу мяне вельмі здзіўляла, што так мала людзей адчуваюць абсалютную несумяшчальнасць рытуальных манер і спосабаў звароту са штодзённымі. Калі ж я лепш абдумаў сваё меркаванне наконт беспарадку сучаснасці, мне стала больш зразумела, наколькі антырытуальным і антырэлігійным зрабіўся наш свет. Усё, што знаходзіцца па-за камфортнай зонай штодзённых дзелавых размоваў і задавальнення, сталася чужым, небяспечным і пагрозлівым, і таму людзі пазбягаюць гэтай зоны непадабенства, як толькі могуць. Каталіцкая літургія, цалкам засяроджаная на сакральных, неспасцігальных, таямнічых рэчах, стаіць на дыяметральнай адлегласці ад менталітэту заходняга «рынку ідэй»; яна ідзе супраць паўсюднага сучаснага вобразу жыцця, заснаванага на патуранні матэрыялізму. Усялякая традыцыйная літургія, падчас якой вочы і душы засяроджваюцца на тым, што вышэйшае і далёкае, з’яўляецца сур’ёзнай пагрозай для трыумфу эгаізму — эгаізму, які ўрад, школьная сістэма і прыватны сектар усімі сіламі імкнуцца прынесці ў кожны горад і ў кожны дом. Слоган «уратуй літургію, уратуй свет» ніколі дагэтуль не здаваўся мне такім трапным[6].

Трэба ясна сказаць, што ў сучасным свеце вялася вайна супраць мучаніцкага сэнсу, які кажа, што абсалютная праўда вартая таго, каб за яе памерці, каб дзеля яе ўсё пакінуць. Адным з галоўных заданняў нігіліста Жан-Поля Сартра было пераканаць сваіх чытачоў, што не існуе «праўды», якой можна служыць, пакланяцца і за якую можна памерці, альбо, кажучы іншымі словамі, што адзіным сэнсам жыцця з’яўляецца служэнне сваёй «праўдзе». Вайна супраць найвышэйшай, трансцэндэнтнай значнасці таксама праявілася ў наданні літургіі гарызантальнага характару і ў яе секулярызацыі. У многіх выпадках літургічныя цэлебрацыі больш не праяўляюць глыбокай засяроджанасці на Богу і не пераймаюцца духоўнымі рэаліямі: анёламі і святымі, ласкай, грахом, небам, пеклам. Вернасць духоўнай праўдзе — гэта мучаніцтва для цялеснага эга: калі чалавек сапраўды верыць у вышэйшыя праўды веры, ён павінен утаймоўваць «цела», пад якім у дадзеным выпадку я маю на ўвазе заганную людскую схільнасць апашляць, занядбоўваць, забывацца і павярхоўна ставіцца да догматаў і рытуалаў веры. Кожная фраза традыцыйнай Імшы вартая таго, каб за яе памерці, таму што кожная фраза прыносіць нам (і прыносіць нас да) Хрыста Пана. У той момант, калі чалавек глядзіць на яе проста як на людскі канструкт, які можна лудзіць і на якім можна выпрабоўваць законы сацыяльнай інжынерыі, ён траціць мучаніцкую паставу ў адносінах да Традыцыі і да праўды, якою адзначаліся ўсе святыя нашага святога Касцёла. Ці можаце вы хоць на момант уявіць сабе, каб св. Аўгустын, св. Тамаш Аквінскі, св. Францішак Сальскі або св. Пій з П’етрэльчыны гуляліся з тэкстам Імшы альбо засядалі ў камісіях, разважаючы над стварэннем новых эўхарыстычных малітваў? (Адна прымаўка кажа: «Бог так палюбіў свет, што ён не спаслаў камісію». ) Святыя з удзячным сэрцам прымалі тое, што было ім перададзена, і выкарыстоўвалі гэта для асвячэння свайго жыцця. Яны былі гатовыя тлумачыць і абараняць малітвы і практыкі сваіх продкаў, нават калі гэта азначала катаванні і смерць ад рук няверных і ерэтыкоў.

Часам я задаю сабе пытанні наконт Камісіі, якой Павел VI даверыў перагляд Імшы, або наконт першага складу ICEL, які даў нам карыкатуру замест перакладу[7]. Якімі былі іхнія духоўныя заслугі? Не акадэмічныя ступені, не псеўданавуковая хвальба, не добрыя сувязі ў курыі, а, паўтаруся, духоўныя заслугі — каб узяць на сябе настолькі далікатныя, патрабавальныя і жахліва сур’ёзныя заданні, як «рэфармаванне», а затым «пераклад» літургіі Каталіцкага Касцёла? Ці хто-небудзь падумаў пра гэтае пытанне? Ці хто-небудзь даў сабе працу яго задаць? Так, я ведаю, што цягам стагоддзяў Папы прызначалі камісіі для ацэнкі, даследавання, аднаўлення альбо пашырэння пэўных аспектаў літургіі. Я не хачу сказаць, што такіх кансультацый ніколі не павінна быць. Хутчэй я стаўлю пытанне пра мінімальную кваліфікацыю таго, хто бярэ на сябе смеласць сядзець у такой камісіі. Думаю, будзе немагчыма спрачацца са сцвярджэннем, што мінімальнай кваліфікацыяй павінна быць найбольш глыбокая павага і пашана да Традыцыі, настолькі глыбокая, што чалавек хутчэй дасць руку на адсячэнне, чым пачне псаваць тое, што было яму перададзена. Аднак, як паказваюць Notitiae, альбо афіцыйныя паведамленні, разам з такімі дакументамі, як мемуары Буньіні[8], гэты дух пашаны, на дзіва, зусім адсутнічаў у Камісіі, у супольнасці тэолагаў, якім даверылі перагляд літургічных кніг рымскага абраду. Самы ганебны прыклад, які я памятаю, гэта апублікаваны ў Notitiae адказ на пытанне, чаму былі выкрэслены старыя малітвы аферторыя. Калі коратка, Камісія адказала, што малітвы аферторыя з’яўляюцца залішнімі і непатрэбнымі, паколькі яны проста (тут маецца на ўвазе, без патрэбы, нават памылкова) прадчуваюць ахвярнае дзеянне, якое адбудзецца пазней. Адным франтаватым адказам ўбок адмятаюцца стагоддзі малітвы і тэалогіі, быццам бы ніхто і ніколі не разумеў аферторыя, пакуль прасветленыя гуру Камісіі не згадзіліся растлумачыць яго.

Усё сваё жыццё Жан-Поль Сартр змагаўся супраць веры ў тое, што нешта можа быць настолькі добрым, настолькі праўдзівым, настолькі годным, што чалавеку варта ўхапіцца за яго і абараняць гэта з найвялікшай сур’ёзнасцю і самаадрачэннем. Аднак, калі і можна дакладна апісаць адносіны паміж старажытнай літургіяй і боскімі таямніцамі, то вось гэтае апісанне: літургія прымае і абараняе боскія таямніцы з найвялікшай сур’ёзнасцю, урачыстасцю і самаадданасцю.

Музыка і начынне, годныя Божага дому

Разгледзім два тыповыя прыклады: грыгарыянскі спеў і прыгожае начынне.

Грыгарыянскі спеў быў выкінуты з касцёлаў не таму, што ён быў на лацінскай мове (бо мелодыі можна было б адаптаваць да англійскіх тэкстаў[9]), а таму што гэтая музыка не «шчаслівая», яна не «ўздымае настрой» так, як народная альбо папулярная музыка. Грыгарыянскі спеў — не для шчаслівых катоў, а для манаскіх душаў, якія сумуюць па Богу, а менавіта такая душа павінна быць у кожнага хрысціяніна, адпаведна з яго стылем жыцця. Такі спеў мае на ўвазе фундаментальную сур’ёзнасць душы, і ён узрошчвае такі стан усё больш і больш, пакуль ён не стане тым, што містыкі называюць «цвярозым ап’яненнем», sobria inebrietas. Чалавек, які пагружаецца ў спеў, сапраўды пачынае ўспрымаць свет вакол сябе па-іншаму, вачыма веры, з сузіральнай гатоўнасцю, праніклівасцю і яснасцю. Грыгарыянскі спеў — гэта магутны сродак духоўных зменаў і сталасці: ён напаўняе душу гарачай духоўнай тугою па Богу, сумам, які ўвасабляецца і выяўляецца ў кожным павароце мелодыі, што адлюстроўвае невыказныя нюансы і няўлоўныя рухі людской душы[10]. Наколькі ж сталымі мусілі быць ананімныя кампазітары, наколькі моцным і высокім было іх імкненне да Бога, якое захавалася ў гэтых цудоўна разнастайных і прыемных мелодыях!

Пэўным ранкам, спяваючы мелодыі з агульных тэкстаў пра дактароў Касцёла, я адчуў асаблівае трымценне ад іх прыгажосці, ад іх слодычы, ад іх меланхалічнай ноткі, быццам яны праз музыку выказваюць тое, што «Salve Regina» ахоплівае словамі: сумесь любові, даверу, радасці з тугою, смуткам і слязьмі. Так, менавіта музыка можа з цягам часу дапамагчы тым, хто яе спявае ці слухае, узрастаць у сталасці сваёй веры, нібы ўрастаць у прыклад тых сузіральнікаў, якія ведаюць, як трэба цярпець і як трэба радавацца ў Пану. Візантыйскі спеў дасягае той жа мэты іншымі сродкамі. Сучасная ж літургічная музыка са сваёй другасортнай сентыментальнай лірыкай, слёзнымі мелодыямі, павярхоўнымі эмоцыямі і рэзкім акампанементам не толькі не здольная ствараць духоўную сталасць — яна шкодзіць хрысціянскай душы, зацямняючы яснасць інтэлекту, прытупляючы пачуццё прыгожага, сціскаючы волю ў хватцы эмоцый і ствараючы настрой, які не спрыяе любові да адзіноты і цішыні[11]. Карацей, яна не здолела б ані нарадзіць, ані падтрымаць манаскую супольнасць, якая прысвяціла сябе адданаму жыццю медытацыяй і сузіраннем. Адно гэта з’яўляецца дастатковай прычынай, каб «выгнаць яе з прэзбітэрыя святыні», як паэтычна кажуць Папы[12]. Калі гэтая музыка не з’яўляецца здаровай для людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, яна не будзе здаровай для ніводнага з нас, бо ўсе мы павінны быць святарскім народам.

Гэты цяжкі досвед зваліўся на мяне ў капліцы аднаго кампуса ў Аўстрыі, дзе я тады выкладаў. У абарочаным гатычным касцёле была верхняя капліца, надбудаваная над ніжняй капліцай, так што калі-нікалі ў іх адначасова адбываліся літургіі альбо набажэнствы. У той дзень наша група малілася на Трыдэнцкай Імшы ў верхняй капліцы, спяваючы старажытныя мелодыі грыгарыянскага спеву, калі раптам знізу пачуўся какафанічны каціны віскат моладзі, якая спявала змрочныя песенькі апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта быў жывы выклад у кантрастах: традыцыйная форма малітвы, шляхетная, стрыманая, поўная пашаны, засяроджаная на таямніцы, з любоўю перададзеная ў рытмічных лацінскіх радках, — і сучасная форма малітвы, гіперактыўная, манатонная і неарганізаваная, без меры, без прыгажосці, без годнасці.

Што датычыцца святога начыння, я ніколі не забудуся пра гамілію аднаго святара-швейцарца, які, прапаведуючы пра дар золата, якое прынёс адзін з мудрацоў, заўважыў: «Калі мы не аддаём найлепшае з нашай маёмасці Богу, мы насамрэч увогуле не верым у Бога. Калі ў нас ёсць золата, каштоўнае, дарагое і прыгожае, мы павінны выкарыстоўваць яго для праслаўлення Бога; калі мы робім святое начынне з дрэва, шкла альбо гліны, мы фактычна кажам, што не лічым Яго вышэйшым за ўсё тое, што можам Яму даць. Таму мы павінны даваць Яму найлепшае з таго, што здольныя даць, нават (ці асабліва) тады, калі яно выварочвае нашыя кішэні. Мы абрэзалі Бога да нашых памераў і прызначылі Яму пэўны бюджэт, як быццам мы абстаўляем кухню ў сваім доме; мы слаба верым у Яго, а можа, і ўвогуле не верым».

Гэтая гамілія запомнілася мне не толькі таму, што я ніколі не чуў, каб святар казаў штосьці падобнае — здаецца, тлумачэнне шанаваных традыцый Каталіцкага Касцёла сёння не лічыцца распаўсюджанай гамілетычнай стратэгіяй, — але таксама таму, што яна дапамагла мне зразумець, чаму хрысціяне заўсёды імкнуліся аддаваць Богу найлепшае. Такая адданасць дала пачатак цудоўнаму мастацтву і архітэктуры Сярэднявечча, побач з якой сённяшнія эквіваленты пераважна выглядаюць павярхоўнымі і няўмелымі. Немагчыма пераацаніць важнасць для ўсяго літургічнага духу святога начыння, якое выглядае годна (наколькі мы ўвогуле можам дасягнуць такой годнасці) тых таямніцаў, якія мае прывілей у сабе трымаць. Узняцце кансэкраванай Ахвяры падчас Імшы — гэта кульмінацыйная кропка вялікага гімна, які ўсё чалавецтва і ўсё стварэнне ўзносіць да Бога; гэта час, калі ўнутраная звышнатуральная істота дароў павінна як мага больш яскрава праявіцца ў знешняй прыгажосці келіха і іншага начыння на алтары, а таксама ў прыгажосці прэзбітэрыя і ўсяго касцёла. Вось што мы чытаем пра св. Яна Віянэя, пробашча з Арса, які апранаўся ў зношанае адзенне, спаў на падлозе і сілкаваўся бульбай:

Калі заходзіла пытанне пра прадметы, прызначаныя для Божага культу, яму нішто не здавалася дастаткова прыгожым… Калі ён атрымаў ад віконта Арса цудоўны балдахін, прыгожыя арнаты, харугвы, вялікую манстранцыю з пазалочанага срэбра, табернакулюм з пазалочанай медзі, некалькі прыгожых свечнікаў і шэсць рэлікварыяў, яго радасць не ведала межаў[13].

Гэта праўда, што Езус нарадзіўся ў сціплай стайні і быў пакладзены ў яслі. Але мудрацы не прынеслі яму салому, бруд і гной: яны прынеслі яму каштоўныя каралеўскія дары золата, ладану і міры. Тое, як нарадзіўся наш Пан, раскрывае Ягоную пакору, якая пагарджае зямной раскошай; тое, як пакланіліся Яму тры каралі, раскрывае іхнюю пакору, у якой яны шукалі найлепшыя дары, якія яны могуць прынесці, хоць у сваёй мудрасці яны і ведалі, што гэта далёка не тое, чаго Ён заслугоўвае. Не нам належыць паводзіць сябе так, быццам мы — Езус, Які прыходзіць у свет, і будаваць касцёлы, якія выглядаюць, як свіраны, стайні ці пячоры, якія нас прымуць. Хутчэй нам належыць далучыцца да мудрацоў і пастухоў і ўважліва слухаць Божы заклік, які запрашае нас выйсці па-за свае абмежаванні. Адказваючы на гэты заклік вераю, мы павінны аддаць найлепшае Слову, якое сталася целам. Тое ж можна сказаць і пра сакральную музыку. Сучасны чалавек па сваёй сутнасці нічым не адрозніваецца ад людзей іншых часоў, і таму ў нас няма апраўдання, каб ствараць рэчы, непрыемныя для вачэй і вушэй. Калі б нашыя сучаснікі мелі магчымасць выбіраць, большасць з іх не захацела б гэтага пустога глупства; і, напэўна, гэта не тое, што ім патрэбна.

Хоць у першы раз наш Пан з’явіўся на зямлі ў сціплых яслях, у патаемнасці і беднасці, святая літургія — гэта не падарожжа ў часе ў Бэтлеем каля 4 года да н. э. Імша — гэта жывы вобраз і дзейснае падабенства дасканалага культу, які Езус Хрыстус здзяйсняе як Галава Касцёла — нявіннае Ягня, забітае на Кальварыі, якое цяпер уладарыць у нябесным Ерузалеме. Імша робіць прысутным сярод нас праслаўленага Збаўцу, другое прыйсце Якога адбудзецца не ў ціхай беднасці, а ў дзівосным ззянні. З гэтай прычыны інстынктам нашай веры заўсёды было імкненне павялічваць прыгажосць літургіі, яе прыладаў і аздобы, усімі сіламі набліжаючыся да таго, што будзе, а не патураючы сваім адваротным памкненням. З такога пункту гледжання, вінаватыя ў настальгіі не тыя вернікі, якія жадаюць аднаўлення традыцыйнага рымскага абраду, а менавіта літургісты, якія патрабуюць вяртання да евангелічнай ці апостальскай «прастаты». Яны хочуць ісці назад, мы хочам рухацца наперад. У гэтым заключаецца розніца паміж археалогіяй і эсхаталогіяй. Але цікава вось што: адзін з самых старажытных звычаяў, які перажыў усе стагоддзі і культуры (пакуль не знайшоў сабе ворага ў абліччы ганарыстасці сучаснага Захаду), гэта арыентацыя на ўсход падчас малітвы да Хрыста, сапраўднага святла, якое асвятляе кожнага чалавека (пар. Ян 1:9). Павярнуўшы святара плячыма да Сонца справядлівасці і тварам да людзей, нібы гэта ён прыходзячае святло, абаронцы новага літургічнага стылю праявілі пагарду да ўніверсальнай сімволікі і скасавалі адзін з нешматлікіх звычаяў, пра які можна з упэўненасцю сказаць, што яго практыкаваў Касцёл першых стагоддзяў. І зноў тыя, хто абараняе Традыцыю, аказваюцца больш здольнымі за сваіх апанентаў захаваць тое, што апошнія называюць найбольш каштоўным, у дадзеным выпадку старажытнасць.

II

Таму вашай першай паслугай гэтаму свету павінна стаць малітва і цэлебрацыя Божага Афіцыя. Унутраная пастава кожнага святара і кожнай кансэкраванай асобы павінна быць такая: «Няхай нічога не ставіцца перад Божай працай». Прыгажосць гэтай унутранай паставы знойдзе выраз у прыгажосці літургіі, і калі мы будзем яднацца ў спеве, хвале, узвялічванні Бога і пакланенні Яму, на зямлі будзе прысутнічаць крыху неба. Сапраўды, не будзе дзёрзкасцю сказаць, што ў літургіі, абсалютна засяроджанай на Богу, у яе абрадах і спевах мы можам убачыць вобраз вечнасці. Інакш як маглі б нашыя продкі сотні гадоў таму збудаваць такі велічны святы будынак, як гэты? Тут сама архітэктура ўзносіць усе нашыя пачуцці да таго, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, і што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (пар. 1 Кар 2:9). Ва ўсіх нашых высілках, звязаных з літургіяй, вырашальным фактарам заўсёды павінен быць наш позірк на Бога. Мы стаім перад Богам: Ён прамаўляе да нас, а мы прамаўляем да Яго[14].

Нефармальная духоўнасць

Праблему, якую мы разглядаем, можна сфармуляваць наступным чынам. Як кажа св. Леў Вялікі, той, хто перастае жадаць прагрэсу, рызыкуе пачаць адставаць[15]. Св. Бэрнард з Клерво паўтарае за ім: проста стаяць на Божай дарозе азначае адставаць[16]. Усе мы стаім перад пагрозай аслабець, здаць назад, зрабіцца несур’ёзнымі. У духоўным жыцці няма адпачынку, але нам хацелася б думаць, што ён бывае, і ў нас узнікае спакуса якім-небудзь чынам яго ўзяць. І гэта азначае, што мы адкідваем Бога, Які з’яўляецца агнём плавільшчыка і палаючым вуглём, заўсёды блізкім і гатовым перамяніць нас, калі толькі мы здадзімся Яму. З улікам гэтага, нельга недаацэньваць небяспеку духоўнай нефармальнасці, якой спрыяе тыповае парафіяльнае здзяйсненне Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду[17]. Гэтая нефармальнасць выражаецца ў звыклым уваходзе свецкіх асобаў у прэзбітэрый для выканання чытанняў і ўдзялення Камуніі; у млявым паўуздыманні Эўхарыстыі, не кажучы ўжо пра многія іншыя знакі заняпаду ці адсутнасці веры ў Сапраўдную Прысутнасць[18]; у агульнай сяброўскай атмасферы, у «знаку спакою», у адсутнасці цішыні перад Імшою і пасля яе; у вербальнай перагружанасці, якая робіць Бога малым і прыручаным аб’ектам, гатовым рабіць цуды і падпарадкоўвацца нашым загадам, альбо прынамсі гатовым да адносінаў з намі на роўных. Бог робіцца «адным з нас» зусім няправільным чынам. Хрыстус сённяшняй парафіі — гэта чалавек, прытым толькі чалавек. Як неаднаразова заўважалася, новае выданне Імшала адлюстроўвае амаль што арыянскую паставу[19].

Параўнайце ўсё гэта з пашанай, якая аддаецца Евангеллю ці прэзбітэрыю ў старым абрадзе з цудоўнымі малітвамі аферторыя, са складанымі акаджэннямі, з урачыстым спевам прэфацыі пра Найсвяцейшую Тройцу ў стылі Атаназія, з Рымскім Канонам і яго шматлікімі знакамі крыжа і пачцівымі ўзняццямі Гостыі і келіха, ужо не кажучы пра ўсю падрыхтоўку, якую робяць святар і сабраны люд: «Asperges», малітвы каля прыступак алтара, абмыванне п

...