У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў
В приложении удобнееQR для скачивания приложенияRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

Читать бесплатно онлайн книгу  У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Габрыэля Пузыня

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815–1843 гадоў

Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»


Переводчик Леанід Лаўрэш





18+

Оглавление

Ад перакладчыка

Здаецца, першым біяграфію Габрыэлі Пузыні з Гюнтэраў надрукаваў У. Каратынскі ў «Тыгодніку Ілюстраваным» у 1869 г.[1] Цяпер маецца і грунтоўная манаграфія Марыі Беркан-Яблонскай[2], таму я не буду падрабязна расказваць пра гэтую важную ў гісторыі літаратуры асобу. Адным з першых у нас дакладна і дастаткова падрабязна пра яе напісаў Генадзь Кісялёў[3].

Малодшая з трох дачок Габрыэля нарадзілася ў Вільні ў заможнай сям'і графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў. Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі (з палатыната Ніжняга Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гейдэльсхайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асіміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяроддзі.

Да шлюбу Габрыэля Гюнтэр жыла ў радавым маёнтку Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці), з якім звязаныя яе дзяцінства і маладосць. Дабраўлянскі палац Гюнтэраў з'яўляўся адным з культурных цэнтраў краю, дзе збіралася творчая інтэлігенцыя. Частымі гасцямі тут былі пісьменнікі Ігнат Ходзька, Антон Адынец, мастакі Ян Дамель, Ян Рустэм, прафесар медыцыны Андрэй Снядэцкі і іншыя. Творчая атмасфера ў сям'і і блізкае знаёмства з таленавітымі людзьмі спрыялі развіццю літаратурнага таленту Габрыэлі. У 1851 г. яна выйшла замуж за Тадэвуша Пузыню, і яе месцам жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава Ашмянскага павета (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім Габрыэля арганізавала інтэлектуальны салон, дзе гуртаваліся лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы краю. Гасцёўню наведвалі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі, У. Міцкевіч (сын А. Міцкевіча). Разам з мужам Г. Пузыня падарожнічала па Еўропе, у Парыжы сустракалася з вядомымі пісьменнікамі А. Гарэцкім і Б. Залескім.


Імя пісьменніцы Габрыэлі Альбіны Пузыні з Гюнтэраў (1815–1869) ужо добра вядома дасведчанаму беларускаму чытачу па перакладах яе вершаў і прозы[4].

Літаратурную дзейнасць Габрыэля Пузыня пачала з паэзіі дэбютным вершам у варшаўскім часопісе «Motyl» пад крыптанімам «G. G.» у 1828 г. Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. Яе першы зборнік вершаў «У імя Бога!» быў надрукаваны ў Вільні ў 1843 г., расказам пра яго выданне і заканчваюцца гэтыя ўспаміны. Напісала яна і шмат празаічных твораў.

Габрыэля Пузыня з Гюнтэраў.

У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў Габрыэля Пузыня напісала ўспаміны «Мая памяць», даведзеныя да падзей 1867 г. На вялікі жаль рукапіс успамінаў загінуў у 1944 г. падчас Варшаўскага паўстання, але быў часткова выдадзены Адамам Чарткоўскім і Генрыкам Масціцкім у 1928 г., мемуары пісьменніцы ў гэтым томе заканчваюцца 1843 г., і пераклад менавіта гэтых, выдадзеных, успамінаў друкуецца ніжэй. Прывяду тут вялікі кавалак артыкула Часлава Янкоўкага (з падзагалоўкам «Заўвагі на палях толькі што выдадзеных успамінаў Габрыэлі з Гюнтэраў Пузыні»), напісаны адразу пасля выхаду кнігі ў 1928 г.:

«Вялікі том у 389 старонак, які мы атрымалі (выказваю за гэта вялікую ўдзячнасць) у падарунак ад вядомага віленскага выдавецтва, не змяшчае ў сабе ўсяго дзённіка Габрыэлі Пузыні.

Поўныя ўспаміны Пузыні ўяўляюць сабой вялікі двухтомны рукапіс пад назвай «Мая памяць» і знаходзяцца зараз у вялікім кнігазборы графа Райнольда Пшаздзецкага ў Варшаве. Бачыў іх на ўласныя вочы ў 1894 ці 1896 годзе. Таксама ў тых жа бібліятэчна-музейных зборах графа Пшаздзецкага на вуліцы Фоксаль у Варшаве знаходзіліся і вельмі цікавыя «Silva rerum» (лац. «Лес рэчаў» — Л. Л.) Адама графа Гюнтэра, бацькі Габрыэлі, завершаныя самой Габрыэляй. Гэта прадаўгаватыя альбомы вялікага фармату, напоўненыя наклеенымі на кардон старонкамі з малюнкамі, запіскамі, акварэлямі, літаграфіямі, вершамі і нават абгорткамі ад карамелек, запрашэннямі, віншавальнымі паштоўкамі і г. д., усім, што шмат гадоў таму адлюстроўвала грамадскае жыццё Вільні. Які скарб быў перада мной: стылі, звычаі, сувеніры! І такіх альбомаў было, калі не памыляюся, шаснаццаць. Карацей кажучы, гэта быў гатовы ілюстрацыйны матэрыял да кнігі Габрыэлі Пузыні «Мая памяць».

Калі я ўсё гэта праглядаў, мае вочы гарэлі, а рукі дрыжалі. Выдаць! Выдаць з найбольшым піетэтам і з факсімільнай дакладнасцю. Аб'яднаць успаміны з альбомамі! Хто ж адразу пра гэта не падумаў бы? Але… нават у даваенныя часы такая выдавецкая ініцыятыва была не па кішэні. І было б цяжка атрымаць дазвол ад графа Канстанціна Пшаздзецкага, які не ведаў, што можа быць у дзённіку Пузыні. Карацей кажучы, з цяжкім сэрцам я развітаўся з тымі альбомамі і рукапісамі, бо яны сталі больш недасяжнымі для мяне. Шчасцем было ўжо тое, што я змог упэўніцца — усё гэта багацце знаходзіцца ў бяспечным месцы.

«Faciant meliora potentes!» (лац. «Няхай той, хто можа, зробіць лепей» — Л. Л.) — суцяшаў я сябе. Няхай камусьці іншаму пашчасціць болей. Аднак, чым ёсць шчасце? Выпадковасцю. А я не чакаў, што яно абернецца выпадковасцю.

У Беніцы Швыкоўскіх я дакапаўся да самага дна, да схаваных там у 1895–1900 гг. рукапісных дакументаў з гісторыі Ашмянскага павета, натрапіў і на сшыткі «Маёй памяці» Пузыні, копія з якіх, знятая «на чыста», захоўваецца ў варшаўскіх зборах Пшаздзецкіх. У гэтых сшытках меліся прабелы але… але я змог рэканструяваць гэты надзвычай цікавы і каштоўны дзённік. Зрабіў і пераказ амаль што ўсяго дзённіка Пузыні (частка якога нядаўна апублікавана), гэты пераказ можна знайсці на 50-ці старонках другога тома майго «Ашмянскага павета», які выйшаў у канцы 1897 года.

Габрыэля з Гюнтэраў Пузыніна, выйшла замуж за дзедзіча Гарадзілава Тадэвуша Пузыню з Ашмянскага павета, правяла тут апошнія васямнаццаць гадоў свайго жыцця. Адсюль і мая асаблівая цікаўнасць да аўтаркі «У імя Бога» як дзедзічкі Гарадзілава, дзе яна назаўсёды заплюшчыла свае вочы 16 жніўня 1869 года.

Яна была пахаваная ў сутарэннях Гарадзілаўскага касцёла, у сямейных магілах Пузыняў. Сёння няма ўжо ані касцёла, ані падземнага склепа, ані парэшткаў аўтаркі «Маёй памяці». Не ведаю, ці засталіся нават якія-небудзь стагадовыя дрэвы ў Гарадзілаве»[5].


Героямі ўспамінаў Пузыні з'яўляецца вялікая колькасць тагачасных абшарнікаў нашага краю. Шматлікія факты іх прыватнага і грамадскага жыцця, заўвагі пра характары і паводзіны і г. д., маюць вялікую гістарычную каштоўнасць для ўсіх, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст. Але, магчыма, адным з галоўных герояў кнігі мемуарысткі ёсць яе сястра Матыльда (Матыня) Бучынская з Гюнтэраў (1811–1867). Пра гэтую цікавую асобу мае сэнс расказаць дадаткова.

У 1834 годзе Матыльда выйшла замуж за Маўрыцыя Бучынскага — сына ўдзельніка касцюшкаўскага паўстання, уладальніка недалёкага ад Дабраўлянаў маёнтка Болкава. Сядзiба Бучынскiх маляўніча месцілася на гары над Свірскім возерам паміж Свірам і Засвірам. Назва маёнтка паходзіла ад імя аднаго з князёў Свірскiх, старадаўніх уладароў гэтых мясцінаў. Усё тут дыхала сівой мінуўшчынай нашага краю і перагукалася з рамантычнымі настроямі таго часу.

У 1846 г. выйшла замуж і пакінула Дабраўляны сярэдняя сястра Іда. Яшчэ раней памерла маці. У Дабраўлянах засталіся стары Гюнтэр з Габрыэляй. Часлаў Янкоўскi сведчыў: «Аднак Дабраўляны і віленскi салон дабраўлянскага дзедзіча зусім не страцілі звыклага ажыўлення, па-гаспадарску прымаць гасцей дапамагала сястры заўжды вынаходлівая, вясёлая, энергiчная Бучынская»[6]. Пасля смерці мужа (1848 г.) Матыльда зусім вярнулася ў родныя Дабраўляны. У 1851 г. бацька, як той кароль Лiр, але з лепшым вынікам, яшчэ пры жыцці падзяліў сваю немалую маёмасць паміж дочкамі. Дабраўляны дасталіся Матыльдзе. Габрыэля зрабіла сабе асобную рэзідэнцыю непадалёку ў Нестанішках (назвала сваю новую сядзібу Патулiна, ад слова «патульны»). У сясцёр бывалі агульныя госці, як напрыклад Сыракомля. Янкоўскі цікава апісвае гасцяванне тут знакамітага паэта: «… у Патуліне прымала Габрыэля Сыракомлю. Прывёз яго туды з Вільні пасля соймікаў Тадэвуш Пузыня ўвосень 1855 г. Лірнік вясковы быў тады ў зеніце папулярнасці і поспеху, але нясмелы, нават дзікі пясняр літоўскі ледзьве паддаўся ўгаворам прыехаць. У Дабраўлянах вітала паэта Бучынская хлебам-соллю са словамі, што гэта за „Акраец хлеба“, вітала пад дубам, упрыгожаным у гонар „Дэмбарога“ аленевымі рагамі і шчытом з гербам Сыракомлі. Чакаў таксама падрыхтаваны для пасадкі малады клён; папрасілі госця, каб ён сам, уласнай рукой укапаў яго ў зямлю. Паэт у сваёй збянтэжанасці замест таго, каб узяцца за рыдлёўку, хапаў зямлю рукамі, кідаючы яе ў яму, але праз гэта дабраўлянскі клён стаўся яшчэ больш памятным»[7].

Дзейнасць і вядомасць Матыльды не абмяжоўвалася дабраўлянскімі ваколіцамі. У кнізе польскага даследчыка А. Мілера «Тэатр і музыка на Літве» (1936 г.) салон Матыльды з графаў Гюнтэраў Бучынскай называецца ў ліку першарадных віленскіх тэатральна-мастацкіх асяродкаў сярэдзіны ХIХ ст. Але найбольш пані Матыльда праславілася як філантропка і ўдзельніца патрыятычнага руху пачатку 1860-х гадоў.

У канцы 1859 г. Матыльда Бучынская вярнулася ў Вільню з Парыжа і аднавіла дзейнасць свецкага таварыства св. Вінцэнта, як раз у гэты час у нашым краі адбываецца моцны грамадскі ўздым. 22 красавіка 1861 г. генерал-губернатар Назімаў паведамляў у Пецярбург: «Абшарніца Матыльда Бучынская раздавала грашовыя дапаможніцтвы і прадукты ніжэйшым класам народа, абавязваючы ўсіх насіць жалобу і адмаўляла тым, якія гэтага не рабілі»[8].

Міхаіл Мураўёў пісаў у сваіх успамінах: «Не менш шкодным было заснаванне ў 1861 г. „таварыства Вінцэнтынак“ (St. Vincent de Paul) пані Бучынскай, вядомай сваім рэлігійным фанатызмам, яна мела на мэце ахапіць усе розумы не толькі польскіх, але і самых значных рускіх дам у Вільні і нават ў Пецярбургу, каб збіраць грошы для мяцяжу. Генерал-ад'ютант Назімаў, жонка яго, а за імі і большасць рускіх дам запісаліся ў члены таварыства, якое знаходзілася пад кіраваннем біскупа Красінскага. Бучынская першая падала прыклад нашэння жалобы, і сабраныя грошы раздавала жанчынам з простых людзей з абавязацельствам насіць жалобу па Айчыне. У пачатку 1863 г. сам Назімаў здагадаўся, да чаго імкнулася таварыства — Бучынскую выправіў на жыхарства ў вёску і забараніў сходы таварыства. Але яго ўжо ніхто не слухаў; таварыства неаднаразова збіралася ў самой Вільні… Мною было зроблена распараджэнне аб расследаванні дзеянняў таварыства. Красінскі высланы мною ў Вятку, галоўныя дзеячы таварыства Бучынская, Лапацінская, графіня Плятэр і іншыя дамы пасля разгляду іх дзеянняў у Следчай камісіі, былі адпраўлены на жыхарства ва ўнутраныя губерні імперыі, а таварыства канчаткова забаронена…»[9].

Мураўёўскі чыноўнік Масалаў, чалавек адукаваны, дапытлівы і, як піша Г. Кісялёў, «не без свецкага глянцу», бачыў Бучынскую ў Францішканскай турме (на Троцкай вуліцы) недзе ўвосень (або пад восень) 1863 г. Ён суправаджаў англійскага карэспандэнта О'Браена, які пажадаў на ўласныя вочы пазнаёміцца з віленскімі вязніцамі, з умовамі ўтрымання палітычных арыштантаў. Ён пакінуў цікавае апісанне візіту ў былы кляштар, прыстасаваны пад вязніцу: «Пасля агляду некаторых арыштанцкіх [камер], мы былі прыведзены ў пакой, дзе ўтрымлівалася багатая віленская памешчыца Матыльда Бучынская, народжаная Гюнтэр. Высокага росту, велічная, ужо пажылая (ёй 52 гады, а мемуарысту — 20), п. Бучынская прыняла нас вельмі ветліва, як велікасвецкая жанчына прымае ў сваёй гасцінай. Яна ўразіла нас сваім розумам, ведамі і жвавасцю. У якія-небудзь дзесяць хвілін гаворка зайшла нават пра Дантэ. Яна казала, што зусім не наракае, а дзякуе лёсу за гэтае невялікае выпрабаванне, бо яна дагэтуль не ведала ў жыцці праблем і зараз толькі ў гэтай адзіноце навучылася лепш разумець некаторыя рэчы і думаць пра тым, на што раней не звяртала ўвагі. Каля пасцелі яе вісеў на сцяне дыван, на століку перад канапай стаялі рэшткі хатняга абеду, на акне ў гаршчку пад шклом яна вырошчвала нейкую зёлку. Пані Бучынская утрымлівалася не як падсудная, але для адміністрацыйнага пакарання за ранейшыя яе подзвігі і кіраўніцтва дэманстрацыямі ўсялякага кшталту. Месяцы праз тры яна была адпраўлена ў Ніжагародскую губерню. Наогул, утрыманне ў Францішканскай турме лічылася найлягчэйшым у параўнанні з астатнімі турмамі. Развітваючыся з англічанінам, яна смеючыся сказала яму: „Перадайце ў вашай Айчыне, што вы бачылі ў віленскіх турмах жанчыну вясёлую і зусім задаволеную сваім становішчам“, а мне яна выказала надзею ўбачыцца дзе-небудзь з часам пры больш шчаслівых абставінах»[10].

Матыльду саслалі ў адміністрацыйным парадку ў Ніжагародскую губерню ў сакавіку 1864 г. Яе Дабраўляны былі секвестраваны (узяты ў казну), а потым перайшлі ў чужыя рукі. Некалькі гадоў філантропка пражыла ў заволжскай глухамані сярод раскольнікаў і лыжачнiкаў-саматужнiкаў (мясціны, апісаныя потым Мельнiкавым-Пячэрскiм). Толькі ў 1867 г. Бучынская змагла вярнуцца з выгнання ў блізкую ёй Варшаву, дзе неўзабаве і памерла.

Генадзь Кісялеў пісаў, што наш класік Дунін-Марцінкевіч падчас паўстання 1863 г. хаваўся ад арышту і быў арыштаваны ў мястэчку Свiр (цяпер Мядзельскi раён) у 1864 г. Калі ў Беларусі пачалося агульнае ўзброенае паўстанне, ён, здаецца, не далучыўся да паўстанцаў, а ўзяў у арэнду маёнтак Дабраўляны Бучынскай і ціха пражыў там да пачатку наступнага года. Пасля секвестру Дабраўлянаў перабраўся ў Свiр, дзе жыў да самага арышту[11].

Вось такой была далейшая гісторыя гэтай сям'і.


За пераклад успамінаў Габрыэлі Пузыні я ўзяўся адразу пасля перакладу мемуараў «галоўнага віленскага пляткара» — доктара Станіслава Мараўскага. Абое ўспаміны ахопліваюць у значнай ступені адзін і той жа час і адно і тое самае грамадства. Таму я лічу, што перш чым прачытаць успаміны Габрыэлі Пузыні, трэба, як найменей, пазнаёміцца, а лепей, уважліва прачытаць успаміны Станіслава Мараўскага. Бо ў гэтых мемуарах распавядаецца практычна пра падзеі аднаго і таго ж часу, у адных і тых жа мясцінах і ў адным і тым жа асяродку — вышэйшым свеце былога ВКЛ. Але шляхетная Пузыня робіць толькі намёкі там, дзе Мараўскі падрабязна расказвае пра ценявое жыццё горада і малюе карціны звычайнага, калі ўдумацца, чалавечага жыцця, звычайных інтымных стасункаў, пераказвае плёткі, анекдоты і г. д. Таму, у нейкім сэнсе, успаміны гэтых двух аўтараў з'яўляюцца, па сутнасці, двума бакамі аднаго медаля, што бясспрэчна важна для тых, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст.


Трэба адзначыць некалькі істотных і важных дэталяў тагачаснага побыту нашай шляхты. Напрыклад, некалькі разоў Габрыэля Пузыня згадвае халаднік як нашую нацыянальную страву ці тое, што Пузыня ніколі не называе прозвішча Міцкевіча, а звычайна піша нешта, накшталт «аўтар «Гражыны». Тры разы падае яна форму імя Канстанты і Канстанцыя як «Кастусь» ці «Кастуся» — і гэта сярод вышэйшага слоя мясцовай арыстакратыі, што робіць бессэнсоўнымі спрэчкі пра тое, ці можна мясцовага шляхіціца Канстанты называць Кастусём. Канешне ж можна[12].


Перакладаць Пузыню было значна прасцей, чым Мараўскага, але і ў гэтым выпадку, даводзілася выбіраць «залатую сярэдзіну» паміж прыгажосцю і дакладнасцю, бо вядома, што «пераклады, як жанчыны: калі верныя, дык непрыгожыя, а калі прыгожыя, дык няверныя». Нагадаю, што менавіта гэтую думку аўстрыйскага пісьменніка Морыца Готліба Сафіра Максім Багдановіч у Яраслаўлі ўзяў за эпіграф да рукапіснага зборнічка сваіх вершаў, перакладзеных ім на рускую мову і падараваных у 1913 г. сваёй каханай дзяўчыне Анюце Гапановіч.

 Мураўёў Міхаіл. Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і пра задушэнне ў ім бунту. Мінск, 2016. С. 107.

 Cz. J. [Часлаў Янкоўскі]. Jaszcze o dawnych czasach // Słowo. 1928. №146.

 Цыт па: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 334.

 Там жа. С. 335.

 Там жа. С. 338.

 Korotyński W. Gabryela księżna Puzynina // Tygodnik Ilustrowany. 1869. T. IV. №92. S. 161–162.

 Berkan-Jabłońska Maria. Arystokratka i biedermeier: rzecz o Gabrieli z Güntherów Puzyninie (1815–1869), 2015. — 448 s.

 Гл: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. Мінск, 2013. С. 331–334.

 Гл. напрыклад пераклады Ірыны Багдановіч у часопісах «Наша Вера» і «Маладосць» і зборнік паэзіі, літаратуразнаўчыя артыкулы Ірыны Бурдзялёвай і Ірыны Багдановіч.

 Цыт па: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 339.

 Там жа. С. 338–339, 328.

 Гл: Gabrjela z Guntherów Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiętnik z lat 1815–1843. Wilno, 1928. S. 55. «Z odjazdem ślicznej Kostusi…» S. 220. «Towarzyszyły jej koleją dziatki. to synkowie — Kostuś i Oleś…» S. 299. «„Ja Kostuś. ja Staś“. że nie było czasu no łzy…».

 Korotyński W. Gabryela księżna Puzynina // Tygodnik Ilustrowany. 1869. T. IV. №92. S. 161–162.

 Berkan-Jabłońska Maria. Arystokratka i biedermeier: rzecz o Gabrieli z Güntherów Puzyninie (1815–1869), 2015. — 448 s.

 Гл: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. Мінск, 2013. С. 331–334.

 Гл. напрыклад пераклады Ірыны Багдановіч у часопісах «Наша Вера» і «Маладосць» і зборнік паэзіі, літаратуразнаўчыя артыкулы Ірыны Бурдзялёвай і Ірыны Багдановіч.

 Cz. J. [Часлаў Янкоўскі]. Jaszcze o dawnych czasach // Słowo. 1928. №146.

 Цыт па: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 334.

 Там жа. С. 335.

 Там жа. С. 338.

 Мураўёў Міхаіл. Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і пра задушэнне ў ім бунту. Мінск, 2016. С. 107.

 Цыт па: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 339.

 Там жа. С. 338–339, 328.

 Гл: Gabrjela z Guntherów Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiętnik z lat 1815–1843. Wilno, 1928. S. 55. «Z odjazdem ślicznej Kostusi…» S. 220. «Towarzyszyły jej koleją dziatki. to synkowie — Kostuś i Oleś…» S. 299. «„Ja Kostuś. ja Staś“. że nie było czasu no łzy…».

Уступ

Гэтыя ўспаміны выраслі з гісторый, расказаных маімі бацькамі. Яны жылі ў тую цікавую эпоху, якая стала падмуркам нашага далейшага жыцця, і расказвалі пра яе сваім дзецям. І маленькая Габрыэлька, народжаная ў канцы 1815 г., як каласок пасля жніва, знайшла ў гэтым сваё месца. Яе першыя ўспаміны датычаць людзей, якія пасля доўгіх гадоў неспакою спачылі ў магіле, парослай дзе-нідзе свежай муравой і сям-там кветкамі. Да таго часу пад скіпетрам цара ўсё ўжо скончылася не толькі ў Літве, але ва ўсім свеце, а эпілогам вялікай эпапеі сталі падзеі на востраве св. Алены (апошняе месца ссылкі Напалеона — Л. Л.).

Часова адклаўшы зброю і надзеі, усе ў Літве і Кароне вярнуліся да плуга. Думкі пра славу і свабоду саступілі месца думкам пра хлеб штодзённы. Надоўга, вельмі надоўга запомніўся 1812 г. Ён заставаўся зместам размоў і тлом жыцця кожнай сям'і. Маладое пакаленне закалыхвалася гісторыямі 1812 г., бо гэты год, як бог з двума рознымі тварамі, пачынаўся з чароўнай надзеі, а закончыўся халодным расчараваннем. Амаль што ў кожнай сям'і гэта дата была запісана ў сэрцы крывавымі літарамі сіроцтва, ці выцятая палашом на лбе. Балела яна куляй у плячы, якая давалася ў знакі пры кожнай перамене надвор’я, стукала драўлянай нагой, свяцілася на грудзях крыжам адважных!.. А ўдовы і маці ўзнімалі яе як крыж Панскі на руінах былога шчасця! Ах, так! Знакаміты ў гісторыі Еўропы 1812 г. стаў эпохай для нашага краю, ён увесь час прысутнічаў у размовах, як прыпеў у песні, якую спяваюць каля вогнішча.

1812 г. быў памятным і для нашай сям'і, хоць і стаўся менш балючым, чым для іншых. Мой бацька тады заразіўся ў ваенным шпіталі і цяжка захварэў на тыф у Мінску-Літоўскім, нагляд за шпіталем яму даручыў Напалеон (калега майго бацькі Ваньковіч, заплаціў за гэты гонар сваім жыццём). Мая маці каля ложка непрытомнага мужа не знаходзіла сабе месца, думала пра свайго бацьку і двух братоў, якія былі на вайсковай службе ў Напалеона, думала пра сваю маці, якая жыла ў Вене, пра сястру, якая ў росквіце сіл засталася ў Вільні. Апроч таго, кожны дзень з вокнаў сваёй кватэры яна бачыла, як на сходах, пры браме ці на дзядзінцы ад холаду і голаду паміралі французы, і іх як бярвенне выкідалі на плошчу. А трэба было прымаць у сябе генерала Тучкова, дасланага ўціхамірваць Мінск, і размаўляць з ім на чужой мове. Ён паставіў варту каля дзвярэй хворага, які ў гарачцы, без прытомнасці, не ведаў, што перайшоў з-пад улады імператара французаў пад уладу рускага манарха. І калі іх двухгадовая дачушка Матынька (старэйшая з дачок), народжаная ў часы абуджэння бліскучых надзей, барабаніла ручкамі пры кожным згадванні Напалеона, імправізуючы так навіны з газет, нібыта ёю прачытаных, дык малодшая Ідалька, народжаная ў 1813 г., прынесла з сабой непакой і слёзы з-за найменшай драбязы, што паўплывала на характар і ўсю яе будучыню. Гэта сталася вынікам вышэй згаданых турбот і клопатаў нашай маці, якая хавала іх у сабе і моўчкі пераносіла ў той год цяжкіх выпрабаванняў.

Канец 1812 г. запомніўся безумоўнай амністыяй, якая распагодзіла неба над Літвой і Каронай[1]. І зіму 1815 г. мае бацькі правялі ў вясёлай Варшаве ў нашай бабулі Марыі Тызенгаўз з гр. Пшаздзецкіх, якая пасля дзясятка — другога гадоў за мяжой прыехала з Вены ў Варшаву.

Варшава здаўна адрознівалася лёгкасцю, з якой пераходзіла ад слёз да смеху, ад вайны да танцаў. Весела бавіліся ў Варшаве і зімой 1815 г., аздобай усіх сходаў былі дзве маладыя прыгажуні: княжна Ганна Сапяжанка, шаснаццацігадовая кветка, брунетка з чорнымі вогненнымі вачамі і светлавалосая, поўная грацыі і невыказнага шарму Яна Грудзінская[2]. Абедзве добра танчылі ў салонах, і калі падчас менуэта стаялі адна насупраць другой, у залі ўздымаўся неапісальны шал! Узбіваліся на крэслы, штурхалі адзін аднаго, каб толькі ўбачыць дзве грацыі. А гэтыя тэрпсіхоры — адна з іх лётала ў паветры, другая, крэсліла маленькай ножкай арабескі на паркеце, мелі кавалерамі Аляксандра гр. Патоцкага і Станіслава гр. Касакоўскага[3]. Сёння, праз паўстагоддзя, што засталося ад гэтых дзвюх пар, якія ў той час свяціліся маладосцю і жыццём?.. Тры магілы!.. Тэрпсіхора, княжна Ганна, памерла княжной Чартарыскай, каралевай польскай эміграцыі. Другая, малодшая з грацый, дзеля якой брат цара адрокся ад трону, і яе партнёр па танцы гр. Патоцкі, даўно памерлі. Застаўся адзін толькі Станіслаў гр. Касакоўскі, які і сёння ў той жа Варшаве чаруе другое і трэцяе пакаленне свежасцю сваіх размоваў і спакоем свайго твару, які, як заходзячае сонца, сведчыць, што скончаны дзень быў ясным. Жонка графа Аляксандра Патоцкага (праз год ужо Вансовіч) з дому Тышкевічаў, унучка нашага апошняга караля, прымала шматлікіх гасцей у ніжніх пакоях свайго палаца на Кракаўскім прадмесці[4]. У тыя часы ў яе заўсёды тоўпіліся людзі і, чым цясней і гарачэй, тым весялей было ім. Цягам карнавалу адбыўся дзіцячы касцюміраваны баль, для якога сям'я Замойскіх прывозіла сваіх прыгожых, як іх маці, дзяцей. Мая старэйшая сястра была там у ролі вулічнай гандляркі кветкамі з кошыкам, поўным жывых кветак. І калі яе заўважыў в. князь Канстанцін, які ў гэты момант размаўляў з княгіняй-ваяводзінай Радзівіл, тая назвала дзяўчынку сваёй унучкай. Але малая дзяўчынка дарэмна раз за разам кланялася, в. князь быў захоплены будучай княгіняй Ловіч і забыўся на дзяўчо, якое выглядала з-пад руж, пакуль княгіня зноў не паказала на яе. Тады строгі начальнік пакланіўся малой, як быццам яна была ўжо дарослай красуняй, і сказаў: «Як жа жанчынам не быць какеткамі, калі яны пачынаюць так рана?». Аднак, в. князь не ўгадаў — сястра, калі вырасла ў прыгожую замужняю жанчыну, хоць і мела вялікі дар падабацца, але ніколі не была какеткай.

Мая маці большую частку жыцця правяла ў Літве з маім бацькам, які валодаў вялікімі маёнткамі і рэзідэнцыямі ў Гарадзенскім і Вількамірскім паветах і па-чарзе жыў у іх. Але яна нарадзілася і атрымала выхаванне ў Варшаве і заўсёды імкнулася ў Карону. Была хрышчонай дачкой гетманавай Агінскай, пляменніцай ваяводзіны Радзівіл (стваральніцы парка Аркадыя)[5], і таму адчувала сябе сваёй у Варшаве. Самыя цёплыя ўспаміны засталіся ў яе з дзяцінства: як у 1784 г. з балкона дома ў Лешні яна кідала шпількі вулічным стралкам, каб тыя маглі разарваць патрон, як яна захавала мініяцюру Касцюшкі, якую ўсе дамы насілі на грудзях і, калі гэта стала небяспечным, кідалі ў полымя каміна. У маёй сям'і маці ўспрымалася носьбітам памяці пра тыя часы, як і яе браты, якія пайшлі за Героем (Напалеонам — Л. Л.) … Як потым, калі ў краі панавалі прусакі, прыгожая каралева прыехала ў Варшаву, прыняла баль у свой гонар і размаўляла з маёй маці. Як і яе стрыечны брат (па маці) Антон князь Радзівіл, які ажаніўся з прускай прынцэсай Людвікай, (яна сэрцам прыкіпела да сям'і мужа), адкінуўшы ў бок ўсялякі этыкет, кіраваў свавольствам і жартамі ў Небараве і г. д.

Пра яе расказвалі шмат разоў, і ў маёй дзіцячай памяці гэтыя ўспаміны засталіся як быццам мае ўласныя, хоць тыя падзеі і адбываліся гадоў за 20 да майго прыходу ў свет! Здаецца, на ўласныя вочы бачу я востраў на рацэ Шпрэя пад вокнамі палаца Бяльвю, што пад Берлінам, дзе спыняліся сем'і прускіх прынцаў і князёў Радзівілаў падчас заручын князя Антонія з прынцэсай Людвікай. На тым востраве мелася аранжарэя, набытая ў Германіі княгіняй-ваяводзінай для Нябарава, яна скарысталася аранжарэяй каб даць падвячорак сваёй будучай нявестцы на сваёй зямлі. За гэта дэ Ліль надаў ёй прыдомак «Армідская»[6].

Дэ Ліль[7] і княгіня-ваяводзіна нават у Еўропе былі дзвюма выключнымі асобамі. Хто ж не чытаў досціпаў дэ Ліля? А стваральніца «Аркадыі» згадвалася ў яго паэме «Сады», перакладзенай на польскую мову ваяводам Хамінскім, у якой паэт усхваляў яе розум і чары. Яе прыгажосць адрознівалася ад іншых — валасы цалкам збялелі да 30 гадоў і разам з квітнеючым і свежым тварам выглядалі як ранні снег на ружы — яна часта ўтыкала свежыя ружы ў прычоску. Вясёлая, жвавая, поўная фантазіі, смелая і гучная ў выказванні сваіх пачуццяў, меркаванняў і думак, яна здалёк абвяшчала пра свой прыезд гучнымі выкрыкамі. Такой ведалі яе не толькі ў сям'і, але і пры бярлінскім і пецярбургскім дварах, дзе на вячоркі ў Эрмітажы, княгіню-ваяводзіну Радзівіл прымала яе добрая знаёмая царыца Кацярына. Потым, ушанаваная абедзвюма царыцамі Марыяй і Лізаветай (маці і жонка Аляксандра І — Л. Л.), надала ім і цару Аляксандру розныя прыдомкі, якія яны ўжывалі, калі пісалі ёй — узаемна звярталіся, дадаючы «Адарацыя» («Пакланенне»). Ніколі не бянтэжылася падчас размовы з в. князем Канстанцінам і пры ім ці без яго публічна называла яго «Хурлубярлу» (можна перакласці як «дзівак» — Л. Л.). І калі неяк падчас балю Хурлубярлу ахвяраваў ёй на слізгаўцы санкі і сам стаў яе вазніцам, княгіня-ваяводзіна, указваючы на в. князя, звярнулася да паліцмайстра: «Не арыштоўвай гэтага маладзёна, бо ён мой фурман».

Апроч жанатага з прускай прынцэсай, Антонія мела яшчэ трох сыноў: Валентыя, Людвіка і Міхала; а таксама трох дачок: Крысціну, Ружу, якія памерлі незамужнімі, і Анелю, якая стала жонкай князя Канстанціна Чартарыйскага. Мая бабуля Тызенгаўз хоць і з'яўлялася роднай сястрой княгіні-ваяводзіны, але не была да яе падобная. Яна мела па-сапраўднаму прыгожы і сур'ёзны твар, цёмныя і густыя валасы сягалі амаль што да зямлі, а прыгажосць рук яна захавала да глыбокай старасці. Ціхая і нясмелая, любіла жыць на адзіноце. Свецкія забавы надакучылі ёй, рухі стамлялі яе, а ранняе атлусценне зрабіла млявай. Малодшая з братоў і сясцёр, страціўшы ў маленстве бацькоў, яна выхоўвалася разам з дзецьмі сваёй старэйшай сястры Храптовічавай: з Адамам, Ірэнеем і іхняй сястрой, якая потым выйшла замуж за Бжастоўскага. Гэта былі дзеці канцлера Яўхіма Храптовіча, які добраахвотна склаў паўнамоцтвы і аддаў сваю пячатку, каб толькі не падпісваць Таргавіцкі акт. Бабуля мела яшчэ двух братоў Пшаздзецкіх[8]: малодшы, Дамінік, жанаты з Ганнай з Радзівілаў (потым — Мастоўскай), меў аднаго сына Міхала, старэйшы бабулін брат Міхал быў жанаты з Марыяй Мастоўскай, ваявадзянкай мазавецкай, ён пакінуў двух сыноў — Канстанціна і Караля.

Мая бабуля Марыя Тызенгаўз з Пшаздецкіх, мела маці з Агінскіх, якая ў сваю чаргу мела маці з Вішнявецкіх.

На гэтым зраблю перапынак у сваім фамільным радаводзе, астатняе буду дадаваць па меры неабходнасці.

 Яна Грудзінкая (1791–1831), славілася сваімі харэаграфічнымі здольнасцямі. Потым, яна стала марганатычнай жонкай в. князя Канстанціна княгіняй Ловіч.

 Амністыя для ліцвінаў была аб'яўлена Аляксандрам І у Вільні 12 снежня 1812 г. насупраць меркаванняў генералаў, у тым ліку і Кутузава.

 Пра яе гл: Лаўрэш Леанід. Ганна Патоцкая, пісьменніца, мемуарыстка, мастак // Наша Слова. №15 (1530), 14 красавіка 2021; Лаўрэш Леанід. Лідскія пісьменніцы XVIII–XIX ст. // Ад лідскіх муроў. №10. Ліда. 2022. С. 478–490. — Л. Л.

 Станіслаў гр. Касакоўскі (1795 г. н.), потым тайны радца стану. Сын Юзафа, лоўчага ВКЛ і Людвікі Патоцкай, дачкі Шчэнснага Патоцкага.

 Арміда — гераіня паэмы Тарквата Таса «Вызвалены Іерусалім». — Л. Л. Алена з Пшаздзецкіх 26 красавіка 1771 г. ўзяла шлюб з Міхаілам Геранімам Радзівілам (1744–1831). Пасля вяселля жыла з мужам у Чарнаўчыцах, а потым у Нябараве і ў палацы Радзівілаў у Варшаве. Вылучалася прыгажосцю і адукаванасцю, захаплялася літаратурай і мастацтвам. Жвавая і дасціпная, мела вялікі поспех у вышэйшым свеце, у тым ліку і ў караля Станіслава Панятоўскага, з якім мела сувязь. Яе вольныя паводзіны, грэбаванне грамадскай прыстойнасцю шакавалі нават Кацярыну II. У якасці інтымнай сяброўкі рускага пасла ў Варшаве графа А. М. Штакельберга садзейнічала паспяховаму развіццю палітычнай кар'еры мужа. Пры каранацыі Паўла I стала статс-дамай. Шмат падарожнічала, мела цікавасць да калекцыянавання, сабрала ў палацы ў Нябараве цудоўную калекцыю карцін, старажытных манет і медалёў, парцаляны і срэбра. Стварыла вялізную бібліятэку, якая змяшчала тысячы каштоўных кніг, гравюр і карт. У палацы бывалі Фрыдрых Вільгельм II, Аляксандр I, многія вядомыя мастакі і паэты. Алена Радзівіл трымалася моды, брала прыклад са сваёй сяброўкі Ізабелы Чартарыйскай, уладальніцы маёнтка ў Пулавах, і стварыла свой англійскі парк. Недалёка ад Нябарава з дапамогай архітэктараў яна разбіла рамантычны палацавы парк пад назвай «Аркадыя», якому прысвяціла каля 40 гадоў жыцця. Парк стаў яе радасцю і гонарам. Быў вытрыманы ў англійскім стылі, яго садовыя павільёны ўпрыгожвалі творы мастацтва — пераважна антычнага, старажытнагрэцкага і рымскага. — Л. Л.

 Княгіня Алена Радзівіл, народжаная Пшаздзецкая (1753–1821) — статс-дама, жонка віленскага ваяводы Міхала Гераніма Радзівіла. Дачка Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага (1718–1772) і Кацярыны Агінскай. Пасля смерці маці, яе выхоўвала цётка Аляксандра з Чартарыскіх, жонка гетмана Міхала Казіміра Агінскага. Атрымала добрую адукацыю, ведала чатыры мовы, добра спявала, грала на фартэпіяна і аргане.

 Пшаздзецкія герба Рох мелі прыдомак Пярхала, род пачынаецца з Мрачаслава Пярхалы Пшаздзецкага з Мазоўша. Гл. Урускага.

 Якуб дэ Ліль (1738–1813), слынны французскі паэт і перакладчык, яго самы вядомы твор — «Сады». — Л. Л.

 Амністыя для ліцвінаў была аб'яўлена Аляксандрам І у Вільні 12 снежня 1812 г. насупраць меркаванняў генералаў, у тым ліку і Кутузава.

 Яна Грудзінкая (1791–1831), славілася сваімі харэаграфічнымі здольнасцямі. Потым, яна стала марганатычнай жонкай в. князя Канстанціна княгіняй Ловіч.

 Станіслаў гр. Касакоўскі (1795 г. н.), потым тайны радца стану. Сын Юзафа, лоўчага ВКЛ і Людвікі Патоцкай, дачкі Шчэнснага Патоцкага.

 Пра яе гл: Лаўрэш Леанід. Ганна Патоцкая, пісьменніца, мемуарыстка, мастак // Наша Слова. №15 (1530), 14 красавіка 2021; Лаўрэш Леанід. Лідскія пісьменніцы XVIII–XIX ст. // Ад лідскіх муроў. №10. Ліда. 2022. С. 478–490. — Л. Л.

 Княгіня Алена Радзівіл, народжаная Пшаздзецкая (1753–1821) — статс-дама, жонка віленскага ваяводы Міхала Гераніма Радзівіла. Дачка Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага (1718–1772) і Кацярыны Агінскай. Пасля смерці маці, яе выхоўвала цётка Аляксандра з Чартарыскіх, жонка гетмана Міхала Казіміра Агінскага. Атрымала добрую адукацыю, ведала чатыры мовы, добра спявала, грала на фартэпіяна і аргане.

 Арміда — гераіня паэмы Тарквата Таса «Вызвалены Іерусалім». — Л. Л. Алена з Пшаздзецкіх 26 красавіка 1771 г. ўзяла шлюб з Міхаілам Геранімам Радзівілам (1744–1831). Пасля вяселля жыла з мужам у Чарнаўчыцах, а потым у Нябараве і ў палацы Радзівілаў у Варшаве. Вылучалася прыгажосцю і адукаванасцю, захаплялася літаратурай і мастацтвам. Жвавая і дасціпная, мела вялікі поспех у вышэйшым свеце, у тым ліку і ў караля Станіслава Панятоўскага, з якім мела сувязь. Яе вольныя паводзіны, грэбаванне грамадскай прыстойнасцю шакавалі нават Кацярыну II. У якасці інтымнай сяброўкі рускага пасла ў Варшаве графа А. М. Штакельберга садзейнічала паспяховаму развіццю палітычнай кар'еры мужа. Пры каранацыі Паўла I стала статс-дамай. Шмат падарожнічала, мела цікавасць да калекцыянавання, сабрала ў палацы ў Нябараве цудоўную калекцыю карцін, старажытных манет і медалёў, парцаляны і срэбра. Стварыла вялізную бібліятэку, якая змяшчала тысячы каштоўных кніг, гравюр і карт. У палацы бывалі Фрыдрых Вільгельм II, Аляксандр I, многія вядомыя мастакі і паэты. Алена Радзівіл трымалася моды, брала прыклад са сваёй сяброўкі Ізабелы Чартарыйскай, уладальніцы маёнтка ў Пулавах, і стварыла свой англійскі парк. Недалёка ад Нябарава з дапамогай архітэктараў яна разбіла рамантычны палацавы парк пад назвай «Аркадыя», якому прысвяціла каля 40 гадоў жыцця. Парк стаў яе радасцю і гонарам. Быў вытрыманы ў англійскім стылі, яго садовыя павільёны ўпрыгожвалі творы мастацтва — пераважна антычнага, старажытнагрэцкага і рымскага. — Л. Л.

 Якуб дэ Ліль (1738–1813), слынны французскі паэт і перакладчык, яго самы вядомы твор — «Сады». — Л. Л.

 Пшаздзецкія герба Рох мелі прыдомак Пярхала, род пачынаецца з Мрачаслава Пярхалы Пшаздзецкага з Мазоўша. Гл. Урускага.

1816–1820 гады

Зіму 1816 г., тады ўжо чатырохмесячная, Альбіна Габрыэлька правяла з бацькамі ў Вільні. Нарадзілася яна там 24 верасня 1815 г., ахрышчаная святой вадой у Святаянскім касцёле, падчас хросту яе трымалі графіня Феліцыя Плятэр з Марыконі, тады ўжо ўдава Вацлава Плятэра, і стрыечны брат маёй маці Караль Пшаздзецкі. Нараджэнне трэцяй запар дачкі стала расчараваннем для сям'і, бо яе родапачынальнік Міхал Гюнтэр фон Гейдэльсхайм перасяліўся з Рэйна ў Літву ў часы Сабескага[1] і меў толькі аднаго нашчадка з такім прозвішчам — майго бацьку. Але мяне, як і старэйшых сясцёр, песцілі і шанавалі, і я не адчувала на сабе наступстваў гэтага расчаравання, гадавалася ў ціхамірнай атмасферы краю, які вярнуўся да міру і росквіту. Мелі сваё войска ў Каралеўстве, а Літва ўжо мела сваіх жоўтых уланаў у так званым Літоўскім корпусе, і кіравалі нашымі губернямі мясцовыя людзі. У Вільні пасаду віцэ-губернатара займаў граф Зыберг-Плятэр, адзін з сыноў канцлера, а было іх сем актыўных братоў, некаторыя з Плятэраў былі нават навукоўцамі і ўсе мелі добрае выхаванне свецкіх людзей. Віленскі ўніверсітэт, расліна прышчэпленая Баторыем, квітнела ў часы Аляксандра І і была сцятая Мікалаем у 1831 г. Два Франкі (бацька і сын) з Вены і браты Снядэцкія з Кракава вызначылі гэтую слаўную для ўніверсітэта эпоху, кіраваў ім куратар князь Чартарыйскі пад апекай самога імператара.

Узімку 1816 г. салон маіх бацькоў яднаўся з салонам Людвіка Радзівіла. Гэтыя два дамы і роднасныя сем'і стварылі адзін дом і адну сям'ю. Князь Людвік, старэйшы з братоў і сясцёр, быў жанаты з ўдавой паняй Валеўскай. Апроч трох пасынкаў, мелі яны яшчэ і дзяцей ад другога шлюбу. Княгіня вызначалася рэдкай дабрынёй, князь быў вясёлым і таварыскім чалавекам, і іх прыемны дом вылучаўся сардэчнасцю. Ужо дарослыя панны Зоф'я і Габрыэля Валеўскія (потым Камінская і Тымоўская) ажыўлялі дом размовамі, музыкай і шармам. Аленка Радзівілоўна, пятнаццацігадовы падлетак, ужо выяўляла прыкметы незвычайнай прыгажосці. Аднак ззянне яе непараўнальнай свежасці не было доказам здароўя, бо пабраўшыся шлюбам са сваім кузэнам Вільгельмам (сынам Антонія), яна неўзабаве памерла ад сухотаў. Спадарожніцай ў навуках і забавах яна мела аднагодку, дачку эмігранта-француза Яна дэ Няве, які займаўся выхаваннем брата Аленкі, князя Леана. Казалі, што маладая Александрына (мая маці) была прыгожая як бутон ружы, у чым ніхто не сумняваўся, нават калі яна мела ўжо 50 гадоў.

Мой бацька меў маёнткі Старыца, Пакоршава і Замосце ў Мінскай губерні. Мая бабуля Гюнтэр з Валадковічаў, аўдавеўшы, жыла ў Старыцы, а мае бацькі праводзілі лета ў Пакоршаве, вядомым мне толькі па малюнку маёй маці, бо яны не жылі там пасля пераезду ў Вільню ў 1817 г. А ў 1818 г. бацькі набылі маёнтак Дабраўляны[2] ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні і з таго часу жылі там, прадаўшы для гэтага пасаг маёй маці — маёнтак Савічуны ў Вількамірскім павеце, а маёнтак Ігуменаў у Дзісненскім павеце пакінулі ў руках эканома. Дабраўляны былі набыты ў Ігнацыя Абрамовіча, які так хацеў пакарыстацца сваёй свабодай і мільёнамі, што ў васямнаццаць гадоў пазбавіўся ўсёй сваёй маёмасці ў краі і паляцеў у Парыж, каб там цягам некалькіх гадоў праесці і прагуляць усю спадчыну, як той казаў, пусціць усё з дымам.

Дабраўляны знаходзіліся за дзесяць міляў ад Вільні, за трыма рэчкамі, Ашмянкай, Віленкай і Віліяй, паміж Свянцянамі і Смаргонню і былі старой рэзідэнцыяй князёў Сангушкаў, а ліпы маёнтка — аднагодкі таполяў Яна Сабескага ў Вілянаве, фігуравалі ўжо ў інвентары 1700 г. разам з мураваным палацам.

Мая дзіцячая памяць не захавала моманту, калі я апынулася ў Дабраўлянах, самыя раннія ўспаміны — як узімку я прачынаюся каля круглага стала, на якім перабіраюць насенне кветак і пшаніцы, ці гуляю з аркушамі з пазалочанымі кантамі, памятаю яшчэ ласкавых вавёрак, якія, выпушчаныя ў сад, вярталіся назад белыя ад снегу і падчас нашага сняданку трымалі ў лапках і елі арэхі і сухары.

Гэта была зіма 1819 г.


Другая сцэна, якую я памятаю цалкам — паездка да дзеда Тызенгаўза ў Рокішкі Вількамірскага павета.

Мой дзядуля Ігнат Тызенгаўз[3], калі праводзіў лета ў Рокішках, збіраў вакол сябе ўсю сваю сям'ю, г. з. дзвюх замужніх дачок — маю маці Александрыну і маладзейшую за яе на 10 гадоў Зоф'ю, графіню Шуазель[4], двух сыноў, яшчэ кавалераў, Рудольфа і Канстанціна. А на свята св. Ігнацыя ў Рокішкі прыязджалі і далёкія сваякі: удава Фелікса Патоцкага з графаў Пацаў, дачка роднай сястры майго дзеда, Пшаздзецкія і г. д., і г. д. Адтуль мае першыя ўражанні, першыя ўспаміны, і калі яны не падманваюць мяне, дык, ніколі больш не быўшы ў Рокішках, я памятаю кожны будынак — палац у італьянскім стылі са сходамі на вонкі, з бліскучым на сонцы купалам, пакрытым бляхай, які мы па-дзіцячы звалі «бамбелай», калі збіралі на зямлі бляхі, пасля таго як дах зламаўся. І той прыгожы галандскі каменны млын, і мураваны касцёл, які вока ў вока глядзіць на палац. Да гэтага часу я памятаю водар букетаў рэзеды, ляўконіі, гваздзікоў і ружаў, якія штодня абнаўляліся ў пакоях маёй мамы. У маіх вачах стаяць гэтыя вялікія пакоі з карцінамі і зала з егіпецкімі фрэскамі, і гэты малы кабінет, дзе дзядуля вучыў чытаць Ідальку… Дзядуля, пляменнік падскарбія Тызенгаўза, мог мець тады 60 гадоў. Прыгожы, з крыху сівой чупрынай, з густымі бровамі, ён паліў тытунь у доўгай люльцы, выглядаў пры гэтым строгім, і я яго трошкі баялася. Быў ён (як я потым чула) «панам на поўную губу» і па-сапраўднаму прыемным чалавекам. Любіў знаходзіцца ў таварыстве і, зімуючы з дочкамі ў горадзе, ладзіў пышныя балі і абеды, трымаў прыгожых коней, шчодра ахвяраваў на дабрачыннасць, быў горды, ветлівы, але халодны ў стасунках з дзецьмі.

Мае дзядзькі мелі ўзрост сярэдні паміж маёй маці і цёцяй Зосяй. Старэйшы, Рудольф, не меў хуткасці розуму ўласцівай малодшаму брату і старэйшай сястры, але чаго не дала прырода, ён здабыў працай. Прыгожа граў на скрыпцы, добра пісаў лісты, часам вершаваныя, і, нягледзячы на маўклівасць, якая адпужвала ад яго паннаў, увогуле быў прыемным у таварыстве дам і меў найлепшае сэрца. Малодшы, Канстанцін, быў дзікаваты, пазбягаў салонаў але любіў паляванне і таварыства вучоных. У ім ужо выявіўся будучы арнітолаг. З твару быў больш падобны да бацькі, але розум меў, як у маёй маці. Быў спакайнейшым і халаднейшым за брата, але любіў бавіцца, дражніцца з намі, дзецьмі, маляваў нам карыкатурных коней і сабак і з вялікім талентам скульптара ляпіў для нас з хлебу цэлую гаспадарку.

Цёця Зося першы год была замужам, прыгожая, вясёлая, яна толькі што вярнулася з Парыжа і прывезла нам ладныя цацкі. Мы яе вельмі любілі і бязлітасна мучылі ўкладкай валасоў, так што ёй нярэдка даводзілася ўцякаць ад нас і зачыняцца. Яе муж, сын старога эмігранта, спадчыннік вялікага маёнтка Плацелі на Жмудзі, які надаў ягонаму бацьку цар Павел, быў ужо немаладым, двойчы жанатым чалавекам. Яго першая жонка — графіня Вікторыя з Патоцкіх, дачка няшчаснага Шчэнснага, потым жонка Бахмецьева[5], развялася з ім, нягледзячы на трох агульных сыноў і дачку. Што магло схіліць нашу маладую, прыгожую і заможную цётку пабрацца шлюбам з разведзеным немаладым чалавекам?.. Хіба толькі вялікае жаданне пазнаёміцца з Парыжам, што, аднак, яна магла зрабіць і не беручы шлюб з французам насуперак меркаванню ўсёй сям'і. Але была ўпартай і пайшла за яго. Граф Актавіян дэ Шуазель-Гуф'е, нашчадак знакамітага міністра часоў Людовіка XV, быў тыповым старым французскім арыстакратам. Непрывабны, з ястрабіным і крыху зарослым носам, з вялікімі чорнымі вырачанымі вачыма, з заўсёды растрапанымі валасамі, звычайна насіў фрак і шыпаваныя чаравікі, закідаў нагу за нагу. За сталом нагадваў герцага дэ Шона з «Лістоў» мадам дэ Севінне[6] — марудна еў, дзесяццю пальцамі драў не толькі хлеб, які падавалі яму аднаму, але і пірог, які пасля яго павінны былі есці іншыя. Гаварыў гучна, хутка, неразборліва, крычаў, узмацняючы свой аповед шумна смяяўся, а калі ў нечым памыляўся, казаў: «Quand je dis que c’est ainsi, ce n’est pas absolument comme cela, mais a peu pres!» (фр. «Калі я кажу, што гэта было так, дык можа і не зусім так, а толькі прыблізна!». — Л. Л.). Усё ў яго было не ў парадку, неахайна, не даведзена да ладу — і ў доме, і ў вопратцы, і ў справах. Ён адпрэчваў крэдытораў, бо казаў, што яго словы — грошы. Жыццё маёй цёткі было не вельмі шчаслівым, хоць і ўзорным. Ён быў хуткі, яна жвавая і свавольная, яны ўвесь час спрачаліся, але працягвалася гэта нядоўга — ён прасіў прабачэння, і жонка яму даравала, пасля чаго на нейкі час прыходзілі мір і згода — галоўным пунктам дамовы была новая паездка ў Парыж, новыя выдаткі, новыя пазыкі, якія да кожнага дня св. Юрыя (тэрмін выплаты даўгоў у Вільні) звычайна прыводзілі маю цётку ў Літву, але гэта было ўжо ў пазнейшыя гады.

Рокішкі — вялізны, урадлівы, асабліва на лён, маёнтак (і да гэтага часу ў Рызе славіцца рокішскі лён) быў нязручным для гаспадаркі, але вельмі прыемным для адпачынку. Сапраўдным святам ў Рокішках былі Дажынкі, калі на адным сподзе пану падавалі вянок, складзены з васямнаццаці меншых вянкоў і ў кожным з іх мелася картка з назвай фальварка, адкуль паходзіў гэты меншы вянок. Сваёй ахвярнасцю свята набывала маштаб напалеонаўскіх урачыстасцяў.


Вяртаючыся ў Дабраўляны, мы спыняліся ў некалькіх знаёмых дамах. У Солах, маёнтку старасты графа Марыконі[7] жыла яго нявестка, сястра князя «Пане Каханку», літоўская пісарава Марыконі. Вясёлая, тоўстая матрона з добрым апетытам, увесь час рассеяная, размаўляла праз нос і карысталася вялікімі насоўкамі. Юзэфа Лапацінская з Марыконі жыла тут жа і была добра вядомай у Вільні зоркай салонаў. Зусім маладой выйшла замуж і нарадзіла дзве дачушкі — Марыню і Юзю.

У Паставах нас прымаў дзядзька Канстанцін, яшчэ кавалер. Ад Пастаў да Дабраўлянаў усяго восем міль, і гэта блізкасць брата і сястры паўплывала на набыццё маёнтка, бо раней іх раздзялялі некалькі дзясяткаў міль. Як ні дзіўна, дабраўлянскае наваколле складалася ў асноўным з асоб, якіх маці ведала ў Варшаве, і якія, пабраўшыся шлюбам, пасяліліся ў Літве.

Гэта былі: першая, у Варнянях, ранейшая прыгажуня, шамбелянава Абрамовіч з дому Бахмінскіх, у першым шлюбе Ціхоцкая. Паўторна выйшла замуж за маладзейшага за сябе на дваццаць гадоў мужчыну і неаднойчы з-за гэтага горка плакала; другая — апошняя з дому Секержыцкіх[8], удава Юзафа Мастоўскага, брата міністра Тадэвуша, якая прыехала сюды з Галіцыі, каб са свецкай дамы стаць руплівай гаспадыняй і ратаваць моцна абцяжараны мужам і малодшым сынам Уладзіславам маёнтак, у чым ёй добра дапамог пасаг нявесткі Ванькавічоўны. Трэцяй была сенатарава Агінская[9], у першым шлюбе Нагурская, родам італьянка. У шлюбе з Міхалам Клеафасам Агінскім яны мелі тры прыгожыя дачкі, іх вясёлы і жвавы дом поўніўся замежнымі настаўнікамі і настаўніцамі, прыгожае Залессе яны зрабілі зямным раем.

Гэтыя дамы жылі за 5–7 міляў ад Дабраўлянаў і таму цяжка было ўважаць іх суседкамі, але ж колькі разоў на год яны наведваліся ў госці, і кожную зіму мы сустракаліся ў Вільні, а калі не бачыліся, дык ліставаліся, абменьваліся кнігамі і насеннем кветак, і таму ўсё ж называлі адна адну суседкамі.

Праз пяць міляў жыў стрыечны брат маёй маці — мой хрышчоны бацька Караль Пшаздзецкі. Шнар на ілбе ён атрымаў ў паходах Напалеона пад камандаваннем князя Панятоўскага. Непрыгожы і ўжо немалады, разам з жонкай не жыў, бо тая звар’яцела. Прыхільнік дам у духу Сярэднявечча ўхваляў іх фразамі са старых раманаў, якія яму па начах чытаў француз-камердынер. Але гэта не перашкодзіла Пшаздзецкаму заснаваць узорныя гаспадаркі ў сваіх маёнтках Смаргонь і Войстам, наладзіць вытворчасць берлінскіх вазоў, трымаць табун коней для язды верхам і пародзістае быдла. Смаргонь была ўзорнай гаспадаркай на дзясятак-другі міль навокал, і добры, гасцінны і сардэчны граф Караль, не толькі не зайздросціў, але і цешыўся, калі ў іншых атрымлівалася зрабіць сваю гаспадарку таксама ўзорнай. Трымаў у сваім двары казакаў — сапраўдных украінцаў, фарбаваў вусы і рэшту сваіх сівых валасоў і не ў такт, але з вялікім агнём танцаваў мазурку.

Бліжэйшымі да Дабраўлянаў былі два дамы Сулістроўскіх. У Вішневе жыла пані шамбелянава з дому Прэўскіх[10], ужо ўдава, вядомая ў Варшаве ў прускія часы. Мела дачку Цаліну з класічным профілем і сына Эдмуся майго веку.

У Чурлёне жыла пані пісарава Сулістроўская, удава Алозія (гл. «Двары на Антокалі» Ігнацыя Ходзькі). Гэта старая матрона перажыла і свайго сына Казіміра, які, будучы мінскім губернатарам, пакінуў па сабе добрую памяць[11]. Яго дачкой была Антаніна Снядэцкая, смерць якой у 1853 г. аплаквала ўся Вільня, і не як нявестку Андрэя Снядэцкага, а як дачку шаноўнага Казіміра Сулістроўскага. Пані пісарава заканчвала свой доўгі век на манер старадаўніх матрон у атачэнні шматлікіх прыдворных дам, штогод на св. Антонія яе наведвала ўсё наваколле. Хаця гэта свята прыпадае на лета, але з-за неадрамантаваных з часоў, калі пісарава перастала выязджаць з дому, дарог і мастоў, гэтыя візіты не былі прыемнымі, але па настойлівай просьбе эканома госці хлусілі і ўсхвалялі добрую дарогу, а імянінніца прылюдна дзякавала яму за выкананне яе святой волі. Падобная камедыя разыгрывалася таксама за абедам і падчас падвячорка, бо госці, папярэджаныя прыдворнымі дамамі, каб не пашкодзіць садоўніку, дзівіліся позняй спаржай і дынямі, як нечым новым. «Ці ж гэта праўда?» — з недаверам пыталася ў іх здзіўленая старая.

У суседзях лічыўся таксама Ольшаў Хамінскіх, дзе ў той час з дачкой жыла самотная ўдава, харунжына Тэрэза Хамінская з Аскеркаў. Трое яе сыноў вучыліся ў Віленскім універсітэце.

Самымі бліжэйшымі суседзямі Дабраўлянаў былі Нястанішкі, праз мілю над Віліяй, маёнтак паважанай матроны Свянціцкай з Контрымаў. Ужо ўдава, мела яна адзінага сына Адольфа дзевятнаццаці гадоў. Быў ён такі тоўсты, што выглядаў на трыццаць. Кожную нядзелю ці мы прыязджалі да іх, ці яны да нас на чацвёрцы коней у фартуховых дрожках.

Усё ў доме пані Свянціцкай і сам яе дом мела рысы старасветчыны. Ламаны дах з высокімі франтонамі, высокія пакоі ўсярэдзіне, вялікія вокны, а са сталовай, якая займала цэнтр дома, шкляныя дзверы ў сад, упрыгожваннем якога былі каштаны. На акне ў гасцёўні ляжалі какосавыя яблыкі, на стале кніга ксяндза Клюка. Канторкі ў стылі ракако і печы на дужых тачоных ножках, якія здаваліся мне шахматнымі фігурамі, і я дзівілася, што яны такія вялізныя і пад печкай.

Сярод гасцей у Нястанішках бывала высокая і кастлявая асоба з вялізным носам, які сустракаўся з падбароддзем на вуснах, у чапцы, які спадаў на запалыя вочы, захутаная ў доўгі шалік сапфіравага колеру ў дробныя пальмавыя лісткі, у падвязанай пад шыю ваўнянай, попельнага колеру сукенцы, аздобленай сапраўднымі брабанцкімі карункамі. Калісьці, за часамі «Пане Каханку» яна была красуняй і памятала нясвіжскія балі, аздобай якіх была, тады яшчэ панна, Зузана Мірская, а потым палкоўнікава Дадэркава. У глыбокай старасці князь Караль Радзівіл хацеў ажаніцца з ёю, яна тады была яшчэ незамужняй, але гэтаму перашкодзілі інтрыгі княжацкай сям'і. Адзінымі сведкамі гэтага пачуцця ёсць уласнаручныя лісты князя да «каханай Зулькі». Некаторыя з гэтых лістоў нам падаравала сама гераіня, і я захоўваю іх, адзін ліст мае і Аляксандр Пшаздецкі.

Некалі заможная пані палкоўнікава, па-філасофску, ці дакладней, па-хрысціянску перанесла змены свайго лёсу. Дасціпная, вясёлая, сардэчная, яна ездзіла з хаты ў хату сваякоў і сяброў, якіх шмат мела ў Літве, але, каб захаваць сваю незалежнасць, заўсёды мела свой уласны куток у Нясвіжы і нават свой дамок, наняты каля касцёла ў Нястанішках. Адзіным яе багаццем была старая крытая брычка з двума худымі коньмі і куфрам ад «карэты-нябожчыцы» (яе ўласнае выказванне), а любімым заняткам — выраб торуньскіх пернікаў і цудоўных лекаў з мёду, якімі яна лячыла хворых і здаровых сяброў. Мела невычэрпны рэпертуар старасвецкіх песень і спявала па-памяці, глыбокім і гучным голасам без фартэпіяна, пры кожнай акалічнасці выконвала іншую песню.


Палац у Дабраўлянах, помнік часоў князёў Сангушкаў, стаяў без даху і меў толькі некалькі некранутых пакояў, якія можна было выкарыстоўваць толькі як каморы ці кухні. Мы жылі ў афіцыне. Сад са старымі ліпамі, пра якія я ўжо пісала, быў па-новаму ўладкаваны ў стылі французскіх садоў XVII ст., падсыпаны, каб мець абмураваныя тэрасы, усе дрэвы не толькі падрэзаныя, але і падстрыжаныя ў сферы, аркады, слупы ці піраміды. Меўся нават лабірынт з ліпаў, праўда, без Мінатаўра, але паколькі ён служыў месцам хованкі для валацуг і лайдакоў, мае бацькі яго ссеклі на вялікі жаль суседзяў, якія бачылі ў ім адно з цудаў свету. Мая маці пачала перарабляць рамантызм у класіцызм з таго, што выкапала раней засыпаныя на некалькі локцяў ліпы. Некаторыя з іх яна пасадзіла ўздоўж доўгай і шырокай вуліцы, другія ў выглядзе альтанкі — яны сваімі густымі галінамі былі сабраныя ўверсе нібы скляпенне святыні, і ані сонца, ані дождж не маглі прабіцца праз гэты гушчар. Усе яны цягнуліся ўгору як калоны ў касцёле. Некаторыя камлі мелі такі дыяметр, што трое дарослых, трымаючыся за рукі, ледзь маглі іх абхапіць.

Па ўсім садзе працякаў шырокі ручай, які праз млын, праз лугі бег у Свір. Мая маці, гледзячы на «бег вады», у сваіх думках ужо саджала на беразе «некалькі бярозак» і срэбныя, плакучыя вербы, галінкі якіх прывезла з Рыгі.

Тады ў Дабраўлянах з'явіўся нейкі настолькі стары садоўнік, што памятаў яшчэ апошняга караля, і параўноўваючы нашы ліпы з вілянаўскімі[12], раіў спілаваць іх напалову і зрабіць альтанкі. «Так будзе больш прыгожа!» — казаў ён шэптам (бо не меў ніводнага зуба) — «Адны будуць расці ўнізе, а другія ўверсе». І ў пацвярджэнне сваёй парады расказваў, як зрабіў для караля Станіслава «сюрпрыз», ссекшы адну з вілянаўскіх ліп, каб пасадзіць у яе ствале «юзю» (меў на ўвазе ружу), з чаго кароль вельмі смяяўся. Садоўнік меў прозвішча Больман.

З таго часу кожны год знікалі нейкія помнікі кепскага густу і высаджваліся новыя дрэвы і кусты. Вытанчана выгіналіся высыпаныя жвірам сцежкі, на аксамітавай, некалькі разоў за лета скошанай і старанна прыгладжанай жалезным катком траве, квітнелі клумбы. Дзівам было тое, што сярод вялікай раўніны наш сад цалкам месціўся на пагорках і меў плошчу ў цэлую валоку (валока — прыкладна 21,36 га — Л. Л.), са сваімі дрэвамі і вадой ён выглядаў як нейкая асобная краіна.

Ад усяго старога саду, як памяць, застаўся толькі паўкруг з адмыслова стрыжаных елак з дзіркамі, нібы вокнамі, з круглымі галоўкамі, якія, калі іх бяліў снег, выглядалі нібы напудраныя парыкі маркіз пры двары караля Людовіка XV. І покуль мой бацька марыў перарабіць старыя муры ў сучасны палац, маці аздабляла афіцыну з маленькімі вокнамі і нізкімі столямі, у якой на сценах віселі талеркавыя люстэркі, сеўрская парцаляна[13] і карціны майстроў у залачоных рамах, прывезеныя з Пакоршава. Усё гэта выглядала, можа, і не зусім дарэчы, але рабіла нашы салоны элегантнымі і нават вытанчанымі. Сам будынак знаходзіўся не ў лепшым стане, ад вільгаці поўніўся мурашкамі і грыбком, бо стаяў без падмурка. І ўсё ж, як не адкідаць зімаў, калі для нашага выхавання бацькі перабіраліся ў Вільню, у гэтай афіцыне мы пражылі дванаццаць гадоў і на яе ганку, над якім нават не было паветкі, з радасцю і з жалем сустракаліся і развітваліся з дарагімі гасцямі з Літвы і Кароны. Дагэтуль, у сне ці ў марах, перад маімі вачыма паўстае мая любімая афіцына, і я бачу той самы першы пакой з круглым столікам пасярэдзіне, з зялёнымі канапамі па кутах, падушкі якіх служылі нам конікамі ў гульнях, і шафай, з якой праз гатычныя шыбы на нас глядзела зачараваная лялька-прынцэса і іншыя цікавыя рэчы. З другога боку за сталовай меўся пакой бацькоў, застаўлены кніжнымі шафамі. У глыбіні стаяла бюро для пісьма, а перад ім — крэсла абабітае зялёным саф'янам, якое, калі трэба было звярнуцца да лёкая, паварочвалася разам з тым, хто ў ім сядзеў. За бюро мог прайсці толькі адзін чалавек — узяць кнігу з паліцы ці паглядзець на барометр, да якога мы, дзеці, прыходзілі ў слотныя дні, бо мелі надзею, што шарык жывой ртуці пачне падымацца.

У вуглавым салоне стаяла канапа, абабітая сінім ваўняным муарам, на якой з рукадзеллем звычайна сядзела мая маці і з батысту рабіла кветкі, падобныя да жывых. Мне здаецца, што я дагэтуль бачу яе ў белым шлафроку без фалдаў, з вузкімі рукавамі і ў чапцы з сапраўдных карункаў, якія яна сама мыла на бутэльцы. На яе далікатных белых пальцах мелася шмат пярсцёнкаў — не толькі шлюбны з заручальным, і ўсе яны былі памятнымі для матулі. Маці заўсёды насіла на шыі перлы з брыльянтавым фермуарам (зашпількай), бо лічыла, што яны не павінны ляжаць без справы. Іншыя фамільныя каштоўнасці захоўваліся ў невялікай, акутай жалезам, скрыначцы. Яе адчынялі толькі ў горадзе перад балем ці на вёсцы, калі трэба было прыгожа апрануцца.

На месцы былога лабірынта ў дабраўлянскім садзе з'явілася аранжарэя і цяпліца, ад лабірынта застаўся толькі адзін шэраг ліп, які стаяў густымі шпалерамі. Кожная прыгожая кветка з аранжарэі ці саду адразу пераносілася на паперу пэндзлем маёй маці, бо яна была вучаніцай Норбліна[14] і Арлоўскага[15], добра малявала акварэллю і фарбамі. Такім чынам маці абяссмерціла ў сямейных тэчках кветкі нашага маёнтка.

У Дабраўлянах мелася шмат прыгожых раслін, усе яны былі прывезены з Пакоршава, бо мой бацька, калі яшчэ быў кавалерам, таксама любіў кветкі. Нас вельмі цікавілі лісткі мімозы, якія зморшчваліся ад найменшага дотыку ці толькі ад набліжэння рукі. Цешыў Bryophylum cristalinum (брыёфілюм), які ззяў як дыямент.

Наша жыццё ў Дабраўлянах было вельмі патрыярхальным. Маці апекавалася хворымі сялянамі і асабліва дзецьмі, лячыла іх з уласнага досведу ці па кнігах дактароў Франка і Дзяркоўскага. У ніжняй шуфлядцы вялікага бюро, з размаляванымі золатам панелямі, было шмат бялізны, яна ішла на бінты ці як вопратка для жабракоў, якія ці не штодня заходзілі-заязджалі да нас з розных бакоў.

Вечарамі, пасля вячэры, маці сядала за піяніна і спявала папулярныя тады рамансы Блангіні[16], Паэру і Міхала Агінскага ці «Гістарычныя песні» Нямцэвіча, дапамагала ёй мая старэйшая сястра. Пасля канцэрта адбываўся баль з мазуркамі і англезамі, і пакуль дочкі пад музыку танцавалі адна з адной, перад маці быццам бы паўставалі сяброўкі яе забаў: кузынкі Радзівілоўны з Нябарава, канкурэнтка ў разумовых справах Ганна Тышкевічоўна, пазнейшая Патоцкая, суседкі з Рокішак Марыканянкі, таварышы па ўроках танца і навук сем братоў Плятэраў, Севярын Шыманоўскі, пазнейшы генерал і першы яе паклоннік, Севярын Гоўвальд, які заўсёды меў на змену белыя чаравікі, і Караль Чапскі — былы сур'ёзны канкурэнт на яе руку, які, нягледзячы на адмову, застаўся сябрам на ўсё жыццё і г. д. Покуль маці марыць, яе малыя дочкі скачуць і ні пра што не думаюць.

Часам мы з бацькам гралі ў «калебраку» (жабрака), апроч забавы гэта дапамагала яшчэ і навучыцца лічыць. Увосень збіралі гарох і пшаніцу на засеў, бо кожная з нас мела свае малыя грады.

 Пра яе гл. у Станіслава Мараўскага глава №5. (Morawski Stanislaw. S. 71–93.) — Л. Л.

 Караліна Сулістроўкая з Прэўскіх, жонка Юзафа, шамбеляна Аляксандра І.

 Казімір Сулістроўскі, сын вялікага пісара ВКЛ Алойзы, у 1809–1811 гг. маршалак Віленскай губерні, у 1816–1818 гг. — мінскі цывільны губернатар. Памёр у Пінску ў 1818 г.

 Маецца на ўвазе каралеўскі палац у Вілянава, зараз у Варшаве. — Л. Л.

 Парцаляна Сеўрскай мануфактура (фр.: Manufacture nationale de Sevres) па вытворчасці фрытавага фарфору ў Сеўры, Францыя. — Л. Л.

 Ян Пётр Норблін (1745–1830) — мастак французскага паходжання; жывапісец, графік, гравёр і карыкатурыст, адзін са стваральнікаў жанравага жывапісу ў Рэчы Паспалітай і адзін з найвыбітнейшых мастакоў эпохі караля Станіслава Аўгуста. — Л. Л.

 Аляксандр Арлоўскі (1777– 1832), мастак Рэчы Паспалітай і піянер літаграфіі ў Расійскай імперыі. Быў удзельнікам паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Яго работы ўключаюць у сябе незлічоныя эскізы паўсядзённага жыцця, а таксама сцэны паўстання 1794 г і іншых войнаў. — Л. Л.

 Фяліча Блангіні (1781–1841), італьянскі кампазітар, аўтар 17 опер і 174 рамансаў. — Л. Л.

 «Апошні з дому Секержынскіх» — папулярнае прыслоўе таго часу, гл: Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818–1825). Warszawa, 1924.. S. 160. — Л. Л.

 Марыконі. Сям'я італьянскага паходжання, з XVIIст., пасяліўся у Літве.

 Мары дэ Рабютэн-Шанталь, маркіза дэ Севінне (фр. Marie de Rabutin-Chantal, marquise de Sеvignе; 1626–1696) — французская пісьменніца, аўтарка «Лістоў» — самага знакамітага эпісталярыя ў гісторыі французскай літаратуры. — Л. Л.

 Вікторыя Шуазель з Патоцкіх (1780–1827), дачка Шчэнснага і Юзэфы з Мнішкаў, жонка Актавіяна (Антонія Людвігавіча) графа дэ Шуазель-Гуф'е (1773–1840), пэра Францыі, афіцэра рускай гвардыі, шамбеляна рускага двара, уладальніка маёнтка Плацелі, сына былога французскага амбасадара ў Канстанцінопалі. Вікторыя развялася з Шуазелем і пабралася шлюбам з губернатарам Бесарабіі Бахмеццевым. — Л. Л.

 Гл: Лаўрэш Леанід. Графіня Сафія Шуазёль-Гуф'е // Лідскі Летапісец. 2020. №4 (92). С.18–19; Лаўрэш Леанід. Лідскія пісьменніцы XVIII–XIX ст. // Ад лідскіх муроў. №10. Ліда. 2022. С. 478–490. — Л. Л.

 Граф Ігнат Тызенгаўз (1750–1822), палкоўнік і шэф літоўскай гвардыі, за службу Вялікаму Княству Літоўскаму быў узнагароджаны ордэнамі Белага Арла і св. Станіслава. Падчас Напалеонаўскай кампаніі атрымаў Залаты Крыж Ганаровага Легіёна. Ва ўладанні графа Ігната, апроч Жалудка і Паставаў з навакольнымі вёскамі і фальваркамі, былі дзясяткі тысяч гектараў зямлі і населеныя пункты з тысячамі сялян у розных паветах. Быў жанаты з Мар'янай Марыяй Пшаздзецкай, меў дачок Александрыну і Зоф'ю і двух сыноў — Рудольфа (1783–1830) і Канстанціна. Граф Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся 3 чэрвеня 1786 г. у радавым маёнтку ў мястэчку Жалудок. Верагодна, у 1804 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Любімым выкладчыкам у маладога Тызенгаўза быў знакаміты батанік Станіслаў Баніфацы Юндзіл. Другім вядомым настаўнікам Канстанціна быў выдатны мастак Ян Рустэм, які ў гэты час працаваў ад'юнктам на кафедры малярства. У 1812 г. 19-ы пяхотны полк, які фармаваўся ў Расіёнах, узначаліў 26-гадовы палкоўнік граф Канстанцін Тызенгаўз. Яго брат граф Рудольф Тызенгаўз на свае грошы сфармаваў конна-артылерыйскую роту. Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, браў удзел у знакамітай абароне цвердзі Модлін, а потым і ў бітвах у Германіі. У 1813 г. быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. Вайна для яго скончылася вясною 1814 г. Канстанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Клермон, а пасля ўказу аб амністыі Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г. вярнуўся ў Паставы. У 1815 г. Ігнат Тызенгаўз падзяліў большую частку сваіх уладанняў паміж сынамі. Старэйшы Рудольф атрымаў Жалудок і бліжэйшыя да яго землі, а Канстанцін — графства Паставы з навакольнымі фальваркамі. Менавіта пры Канстанціне быў дабудаваны Пастаўскі палац Тызенгаўзаў. Паўстанцам 1831 г. ён дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі і супрацоўнічаў з Дзісненскім Урадавым камітэтам. Асноўным заняткам Канстанціна Тызенгаўза сталася заалогія, найперш — арніталогія. Ён з'яўляецца бацькам беларускай арніталогіі. — Л. Л.

 Першасная назва маёнтка Дубраўляны, ад слова «дуб». — гл. Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. Мінск, 2013. С. 331.

 Гюнтэры ўласнага герба паходзілі з Ніжняга Рэйну. Гл. Урускага.

 Гюнтэры ўласнага герба паходзілі з Ніжняга Рэйну. Гл. Урускага.

 Першасная назва маёнтка Дубраўляны, ад слова «дуб». — гл. Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. Мінск, 2013. С. 331.

 Граф Ігнат Тызенгаўз (1750–1822), палкоўнік і шэф літоўскай гвардыі, за службу Вялікаму Княству Літоўскаму быў узнагароджаны ордэнамі Белага Арла і св. Станіслава. Падчас Напалеонаўскай кампаніі атрымаў Залаты Крыж Ганаровага Легіёна. Ва ўладанні графа Ігната, апроч Жалудка і Паставаў з навакольнымі вёскамі і фальваркамі, былі дзясяткі тысяч гектараў зямлі і населеныя пункты з тысячамі сялян у розных паветах. Быў жанаты з Мар'янай Марыяй Пшаздзецкай, меў дачок Александрыну і Зоф'ю і двух сыноў — Рудольфа (1783–1830) і Канстанціна. Граф Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся 3 чэрвеня 1786 г. у радавым маёнтку ў мястэчку Жалудок. Верагодна, у 1804 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Любімым выкладчыкам у маладога Тызенгаўза быў знакаміты батанік Станіслаў Баніфацы Юндзіл. Другім вядомым настаўнікам Канстанціна быў выдатны мастак Ян Рустэм, які ў гэты час працаваў ад'юнктам на кафедры малярства. У 1812 г. 19-ы пяхотны полк, які фармаваўся ў Расіёнах, узначаліў 26-гадовы палкоўнік граф Канстанцін Тызенгаўз. Яго брат граф Рудольф Тызенгаўз на свае грошы сфармаваў конна-артылерыйскую роту. Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, браў удзел у знакамітай абароне цвердзі Модлін, а потым і ў бітвах у Германіі. У 1813 г. быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. Вайна для яго скончылася вясною 1814 г. Канстанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Клермон, а пасля ўказу аб амністыі Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г. вярнуўся ў Паставы. У 1815 г. Ігнат Тызенгаўз падзяліў большую частку сваіх уладанняў паміж сынамі. Старэйшы Рудольф атрымаў Жалудок і бліжэйшыя да яго землі, а Канстанцін — графства Паставы з навакольнымі фальваркамі. Менавіта пры Канстанціне быў дабудаваны Пастаўскі палац Тызенгаўзаў. Паўстанцам 1831 г. ён дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі і супрацоўнічаў з Дзісненскім Урадавым камітэтам. Асноўным заняткам Канстанціна Тызенгаўза сталася заалогія, найперш — арніталогія. Ён з'яўляецца бацькам беларускай арніталогіі. — Л. Л.

 Гл: Лаўрэш Леанід. Графіня Сафія Шуазёль-Гуф'е // Лідскі Летапісец. 2020. №4 (92). С.18–19; Лаўрэш Леанід. Лідскія пісьменніцы XVIII–XIX ст. // Ад лідскіх муроў. №10. Ліда. 2022. С. 478–490. — Л. Л.

 Вікторыя Шуазель з Патоцкіх (1780–1827), дачка Шчэнснага і Юзэфы з Мнішкаў, жонка Актавіяна (Антонія Людвігавіча) графа дэ Шуазель-Гуф'е (1773–1840), пэра Францыі, афіцэра рускай гвардыі, шамбеляна рускага двара, уладальніка маёнтка Плацелі, сына былога французскага амбасадара ў Канстанцінопалі. Вікторыя развялася з Шуазелем і пабралася шлюбам з губернатарам Бесарабіі Бахмеццевым. — Л. Л.

 Мары дэ Рабютэн-Шанталь, маркіза дэ Севінне (фр. Marie de Rabutin-Chantal, marquise de Sеvignе; 1626–1696) — французская пісьменніца, аўтарка «Лістоў» — самага знакамітага эпісталярыя ў гісторыі французскай літаратуры. — Л. Л.

 Марыконі. Сям'я італьянскага паходжання, з XVIIст., пасяліўся у Літве.

 «Апошні з дому Секержынскіх» — папулярнае прыслоўе таго часу, гл: Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818–1825). Warszawa, 1924.. S. 160. — Л. Л.

 Пра яе гл. у Станіслава Мараўскага глава №5. (Morawski Stanislaw. S. 71–93.) — Л. Л.

 Караліна Сулістроўкая з Прэўскіх, жонка Юзафа, шамбеляна Аляксандра І.

 Казімір Сулістроўскі, сын вялікага пісара ВКЛ Алойзы, у 1809–1811 гг. маршалак Віленскай губерні, у 1816–1818 гг. — мінскі цывільны губернатар. Памёр у Пінску ў 1818 г.

 Маецца на ўвазе каралеўскі палац у Вілянава, зараз у Варшаве. — Л. Л.

 Парцаляна Сеўрскай мануфактура (фр.: Manufacture nationale de Sevres) па вытворчасці фрытавага фарфору ў Сеўры, Францыя. — Л. Л.

 Ян Пётр Норблін (1745–1830) — мастак французскага паходжання; жывапісец, графік, гравёр і карыкатурыст, адзін са стваральнікаў жанравага жывапісу ў Рэчы Паспалітай і адзін з найвыбітнейшых мастакоў эпохі караля Станіслава Аўгуста. — Л. Л.

 Аляксандр Арлоўскі (1777– 1832), мастак Рэчы Паспалітай і піянер літаграфіі ў Расійскай імперыі. Быў удзельнікам паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Яго работы ўключаюць у сябе незлічоныя эскізы паўсядзённага жыцця, а таксама сцэны паўстання 1794 г і іншых войнаў. — Л. Л.

 Фяліча Блангіні (1781–1841), італьянскі кампазітар, аўтар 17 опер і 174 рамансаў. — Л. Л.

Похожие книги