Читать бесплатно онлайн книгу Светлы успамін пра Думічы
Анатолий Иосифович Сташевский
Татьяна Иосифовна Сташевская
Светлы успамін пра Думічы
Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»
© Анатолий Иосифович Сташевский, 2026
© Татьяна Иосифовна Сташевская, 2026
Кніжка беларуса, улюблёнага ў сваю Радзіму, вёсачку, вяскоўцаў з якімі прайшло дзяцінства, на абшарах роднага Капыльскага краю. Пра людзей, якія там жылі, іх звычкі, быт, святы, перамогі і дасягненні ў пасляваенныя гады.
ISBN 978-5-0069-6298-9
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Оглавление
СТАШЭУСКІ А.
СТАШЭУСКАЯ Т.
Светлы успамін пра Думічы
Памяці землякоу, якіх ужо няма,
і іх нашчадкам, што будуць жыць…
ВЁСКА ДУМІЧЫ
За акном ужо студзень 2023-га года. Ідзе снег, неба пасвятлела, у паветры адчуваецца невялікі мароз. Выйшаў на вуліцу падыхаць свежым паветрам, «размяць косці» пасля ночы, пагаварыць з кім-небудзь. Сустрэўся з суседам, дарэчы, ён мой зямляк — з вёскі Падлужжа, што на Капыльшчыне.
— Ну, як там нашы капыляне пажываюць? — пытаюся ў яго. — А вось ніяк. Ездзіў на радзіму ўчора, на могілкі да маіх бацькоў. Была патрэба пагаварыць з імі, неяк палягчэла. Але вельмі здзівіла мяне мая вёсачка. Яна не такая ўжо і маленькая, налічвае больш за шэсцьдзясят хат, і за ўвесь час, што я там прабыў (а гэта гадзін са тры), не сустрэў ніводнага вяскоўца. Я не ведаю, колькі там чалавек пастаянна жыве, але ж хто-небудзь павінен быў з’явіцца на вуліцы па сваіх патрэбах. І, на дзіва, нікога не было. Дзе ж яны падзеліся? Хутчэй за ўсё, што жывуць там лічаныя сталыя пенсіянеры.
Доўга мой сусед распавядаў мне пра жыццё Падлужжа ў савецкія часы, пра жыццё, багатае на падзеі, у вясёлым, цікавым, імклівым развіцці. У вёсцы раней жыло шмат людзей. Нараджаліся, працавалі, дасягалі поспехаў… На жаль, усё гэта было, а сёння вёска вымірае.
Дарэчы, усяго ў Капыльскім раёне 208 вёсак, пры гэтым, у 13 сёння ўжо ніхто не жыве. І калі ў кінутых вёсках не адновіцца жыццё, то яны, хутчэй за ўсё, знікнуць з карты Беларусі. А колькі такіх вёсак, дзе жывуць па пяць-дзесяць пенсіянераў?
Сум ахапіў мяне: гэта ж гадоў праз пяць-дзесяць можа застацца без жыхароў і мая радзіма — вёска Думічы. Сёння там пакуль што жыве каля 30 чалавек, у тым ліку і мая малодшая сястра Таццяна.
Многа гадоў мяне не пакідае думка пра страту беларусамі сваёй гістарычнай памяці. Шмат чаго адбылося па незалежных ад нас, беларусаў, абставін, але ж вельмі многае залежыць і ад нас саміх. Хто нам перашкаджае выхоўваць ў душах нашых дзяцей павагу да мінулага родных мясцін, гаварыць нашчадкам праўду пра здабыткі, перамогі і страты нашых продкаў? Гэта не так ужо і цяжка, патрэбна толькі жаданне і, несумненна, любоў да малой радзімы. І вось вам першы адказ на мае сумненні: я дакладна ведаю, што ў Лясноўскай сярэдняй школе сёння няма ні школьнага музея, ні больш-менш сабраных і прадстаўленых матэрыялаў пра гісторыю ўзнікнення і развіцця вёсак Думічы і Лясное (Колы), царквы ў в. Цялядавічы і многае іншае. А ў гэтай вёсцы вучацца дзеці тых бацькоў, што пабудавалі ўсё, што ёсць у былым саўгасе «Лясное» (сёння саўгас «Лясное» аб’яднаў таксама саўгас «Бабоўня» і «Луч»).
Цяжка ўсведамляць гэта, праўда! Вось і рашыў я прыкласці асабістыя намаганні да захавання памяці пра жыхароў вёскі Думічы — землякоў маіх бацькоў. І памагаць у гэтай справе згадзілася мая сястра Таццяна, якая жыла і працавала ўсё жыццё ў Думічах. І лепш за яе мне мала хто дапаможа. Вось так і нарадзілася гэта кніга.
РОЗДУМЫ
Чым далей я паглыбляюся ў былое і дабіраюся да падзей, якія суправаджалі маё дзяцінства, тым больш блытанымі і няпэўнымі робяцца мае ўспаміны. Большасць з іх, хутчэй за ўсё, было распавяданы тымі, хто з любоўю і ўвагай пазіраў на мае першыя крокі. Шмат чаго са мною і не было зусім, а пачутае ці прачытанае калісьці вельмі моцна прыкіпела да маёй душы. Хто скажа, дзе ў гэтых успамінах заканчваецца сапраўдны бок, а дзе пачынаецца казка, ператвораная ў звыклую ісціну, і дзе, нарэшце, мяжа, на якой праўдзівае і прыдуманае гэтак мудрагеліста зліваюцца?
Да пяцідзесяці гадоў мае галоўныя жыццёвыя імкненні былі звязаны з будучым. Паўсядзённыя праблемы я стараўся хутчэй рашаць і аб іх забывацца. А пра тое, што мінула, і думаць не было калі. І вось толькі ў сталым узросце мне ўсё больш прыходзяць на роздум пражытыя гады: дзяцінства, маладосць… Дарэчы, у сувязі з гэтым ёсць вельмі мудрая прымаўка: «Маладыя могуць марыць, а пажылыя толькі ўспамінаць»…
І ўсё часцей да мяне прыходзяць успаміны пра даўно забытыя падзеі і людзей, звязаных з імі. Перад вачыма, як жывыя, стаяць вяскоўцы і сябры, на якіх я даўно забыўся і ніколі не ўспамінаў. Быццам кадры кіно змяняюць адзін за адным дні, гады, пражытыя ў роднай вёсцы. Светлая радасць ахоплівае мяне, але часцей на душы застаецца пячатка таго, што ўжо «няма таго, што раньш было!»
Сташэускі Анатоль
З УСПАМІНАЎ СТАШЭЎСКАЙ ТАЦЦЯНЫ
— Думічы — родная вёска, у якой я нарадзілася. Тут прайшлі гады майго дзяцінства, тут я хадзіла ў школу з першага па чацвёрты клас, з чацвёртага па восьмы клас — у Дарагавіцкую васьмігадовую школу, дзесяць класаў заканчвала ў Лясноўскай сярэдняй адукацыйнай школе. З цеплатой і хваляваннем успамінаецца ўсё наша дзяцінства.
У хаце было восем дзяцей. Бедная наша мама Гэлька ніколі на адпачывала. Раніцай паліла ў печы, бо трэба было ўсім нам прыгатаваць сняданак і паставіць у печ абед. На снеданне мама гатавала мачанку з бульбай або яечню. А на абед ставіла капусту з гусяцінай, тушыла бульбу. Амаль кожную нядзельку пякла аладкі і ставіла чыгунок (літраў на пяць) з мачанкай і грыбамі. Калі хапала часу, дык пякла сухарыкі з аржанай мукі. Яны былі такія смачныя, што яшчэ і цяпер хочацца іх не тое, што з’есці, а хаця б паглядзець на іх, адчуць пах і асалоду таго часу.
Колькі я сябе памятаю, мне здаецца, што я ніколі не адчувала сябе сытай, заўсёды хацелася есці. Гэта было не адчуванне голаду, а жаданне паесці. Яно мяне заўсёды падштурхоўвала рухацца, жыць.
Раніцай, калі ў печы пякліся скварачкі, дык заўсёды іх было столькі, колькі едакоў у хаце. А самая тоўстая скварка была татава. Мама заўсёды казала: «Дзеткі, бацька ж цяжка працуе, і яму патрэбна скварка большая». Вось так і жылі. Таму я і цяпер стараюся, каб у мяне заўсёды быў запас мукі, солі, цукру, крупаў. На зіму заўсёды раблю мноства «закрутак». Гэта і агуркі, і памідоры, кампоты, рознае варэнне.
Але ў жыцці ўсё змяняецца. Сёння ў нашай вёсцы няма ніводнай каровы. Нельга паверыць, што зусім нядаўна ў Думічах у кожнай сядзібе была карова, нашы жанчыны-даяркі хадзілі ў саўгасныя кароўнікі карміць і даіць паўтысячы кароў. А сёння ў вёсцы і шклянкі сырадою не знойдзеш! Лапуці, Лагошы, Жыбуртовіч яшчэ трымаюць свіней, некаторыя пенсіянеры маюць пяць-дзесяць курачак. Майму ўнуку Арсенію ўжо 10 гадоў, а кароўку ён бачыў толькі па тэлевізары. Некалі дзеці гулялі на выгулах з мячыкам, прыгалі са скакалкай, з пясочку будавалі домікі, на дарозе гулялі ў «класікі». Улетку, дарэчы, і сёння ў Думічы заязджаюць з гарадоў дзеці на канікулы, але яны больш па хатах сядзяць у нейкіх «цік-токах». Выйдзеш на вуліцу — нідзе няма нікога, цішыня, і толькі калі-небудзь прабяжыць па вуліцы сабачка, які сам шукае сабе сяброў. Некалі яшчэ толькі днее, а ва ўсіх хатах ужо гарыць свет, гаспадыні паляць у печы, і з кожнага коміна дым ідзе слупам у неба. Сёння ад нашага дома да Будрыкаў у адных Выскваркаў гарыць свет, а дыму з коміна забылася калі і бачыла… Як вы думаеце: жыццё стала лепшым, жыць стала весялей?
Канешне, жыццё назад не вернеш, ды і не надта хочацца вяртацца, як успомніш, колькі мы тады працавалі. Цяпер добра жыць: свет гарыць, тэлевізар ідзе, мікрахвалёўка і хуткаварка ёсць, газавая пліта гарыць лепш за печ. Ад здабыткаў цывілізацыі грэх адказвацца, яны значна аблегчылі наша жыццё. Але навошта мы адказаліся ад нашага радаснага дзяцінства, калі ўся дзетвара разам гуляла, купалася ў рэчцы, калі сем’ямі хадзілі ў лес у ягады і грыбы. Шкада, што нашы ўнукі не паспрабуюць той радасці і таго шчасця, якое давала нам адчуванне адной сям’і, супольнасці ўсіх жыхароў вёскі. Як цудоўна было ўсім «канчанам» збірацца ля рэчкі, каля драўлянага моста на купальні. Чысценькая імклівая вадзічка, не надта цёплая, але і не халодная, агортвае тваё цела, лашчыць рукі, твар. Гэткая асалода, словамі не перадаць! Купальня ўся па берагах пакрыта квітнеючымі белымі і жоўтымі гарлачыкамі. Глядзіш на гэткае хараство, здаецца, руку працягні — і яно тваё, і хочацца жыць вечна, жыць і радавацца дзень і ноч. Гэта не толькі мае думкі, з такімі пачуццямі тады жылі ўсе мае сяброўкі, гэта праўда жыцця.
На левым беразе Выні, за мастом, рос старадаўні магутны дуб. Якраз пад ім моладзь часта спраўляла вячоркі з вогнішчам, смажанай рыбай, салам і бульбай. Няма ўжо ні рэчкі, ні маста, ні дуба, ні купальні. Замест ракі цяпер голая канава, цераз якую перакінуты бетонны мост. Вадзічка цячэ, гамоніць, але ніхто ў ёй не купаецца, не ловіць печкуроў, не збірае гарлачыкі для дзяўчат.
Змянілі прыроду і лад жыцця самі людзі. Яны хацелі, каб усё было лепш, але, як заўсёды, стала «хреново».
Бывала, Лазарэвічы ці Ксяневічы заколюць кабанчыка, дык вечарам на свежаніну збіраліся ўсе суседзі. Адзін аднаму абавязкова прыносілі свежаніну. Цяпер жа не чуваць па вёсцы віску свіней, адышлі ў небыццё свежаніна і пасядзелкі. Хаты думічане пачалі зачыняць на замкі, хадзіць да суседа на гутарку сталі ўсё менш. Не ўбычыш сёння пенсіянераў, якія раней сядзелі на лав
- Главное
- ⭐️Журналистика
- Анатолий Иосифович Сташевский
- Светлы успамін пра Думічы
- 📖Бесплатный фрагмент
