Тым часам я вось прачытаў кніжачку. Калі хто не ведае, то гэта адна з тых кніжачак, што я бы выпадкова забраў з любой кнігарні, калі б выпадкова пабачыў. Але не пабачыў і дабраўся толькі праз бібліятэку. Кніжка невялікая ды і водгук мой будзе невялікі, не ведаю атрымаецца ў мяне больш пра свае адчуванні ці пра кніжку. Пачну пра кніжку, а дакладней пра аўтара.
Лорд Дансейні – гэта бог. Менавіта, таму я і хацеў яго пачытаць. Але ў нас больш любяць усялякіх крыклівых прарокаў і прапаведнікаў, якія пішуць метанакіраваную белетрыстыку, таму большасць з вас пра яго і не чулі. Чаму бог? Што не так з гэтым аўтарам? Чаму не чулі? Лорд Дансейні – бацька фэнтэзі. Не было ні Толкіна, ні Льюса, як быў Лорд. І фэнтэзі яго было чыстым. Канцэнтраваная сумесь казкі і легенды. Калі табе кажуць “даўным-даўно” і ты слухаеш-слухаеш-слухаеш. Не ўяўляеш, што будзе далей, бо не можаш уявіць, бо там свае законы. Бо там магія. Магія. У сучасным фэнтэзі акцэнт на правілах сусвету, на экшне, на продажах. А там была магія. Як я даўно так не заліпаў у кнігу. Я вырываў пяціхвілінкі ў перапялятніку, каб яшчэ і яшчэ чытаць. Магчыма, Дзіяна Уін Джонс зацягвала мяне так сваімі замкамі, але часцей такія адчуванні былі ў падлеткавым і юнацкім узросце, калі свет быў казачным, калі зноў і зноў сустракаўся з сусветамі невядомага і кожная такая сустрэча прымушала самога брацца за асадку і пісаць. Так. Напэўна, гэта найлепшае апісанне. Творчасць Лорда Дансейні – гэта магічная творчасць, творчасць вірус, яна ператварае чытача ў творцу.
Вернемся да яго боскасці. Менавіта, гэты чалавек сярод аўтараў, на якіх арыентаваўся той самы Толкін. Але не будзем пра гэту чорную постаць светлага жанру. Дансейні займаў важнае месца ў бібліятэцы Борхеса. А самае важнае – ён быў настаўнікам Лаўкрафта. І вось гэта асабіста мне пры чытанні дадае каласальнае задавальненне, бо я бачу ў структуры сказаў, у падборы слоў, у голасе апавядальніка Яго. Лаўкрафт вывернуў гэты свет. Але не проста наш рэалістычны свет. Лаўкрафт вывернуў чароўны, магічны, казачны свет. Наклаў на яго свой фільтр і ўсё.
Я амаль нічога не сказаў і не скажу пра сам твор. У гэтым няма патрэбы. Скажу толькі яшчэ пра свае адчуванні. Я вельмі рады вярнуцца ў гэту чытацкую смагу. Мне гэтага не хапала. Ну і…
Любоў пераможа.