За сталом у падлоўчага сядзеў памочнік начальніка раз'езда, пан Сухавараў, нежанаты, яшчэ малады хлопец, адзеты ў парадны мундзір; ён падкручваў свае чорныя вусікі. На канапе насупраць яго сядзела панна Ядвіся. Яна была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Панна Ядвіся выглядала вельмі цікаваю і прыгожаю. Цёмныя вочы яе з доўгімі мігаўкамі як бы рассыпалі прамені. Яна была вясёлая і ў добрым настроі