Баў-баў-баў…— зазваніў вартаўнік y званіцы.
— Тата, татуля, табе не пашкодзіла? — Архіп y бацькі запытаўся.
— Не, дзякуй богу, анісколечкі. Толькі звон y вушах, аглушыла троху. Ну, ці трэба ж ткі гэта! A божухна, авохці, a вой-я…
— Татка, куды ж ты?
— А? Гэта я дзівуюся, як шугае, пойдзем, ідзі, a то матка ўбачыць, спужаецца, ці жывы хоць мы пазаставаліся.
— Пажар! Пажар! Ратуйце! — крычаў ужо нехта на сяле. Заварушыліся людзі, збягаюцца.
— Дзе, хто гарыць?
— Новая хата ў Лінкевічаў.
— Ці там?
— Няго ж — не, вун, ай-ай…
— Падзівуйся, во шугаець, і помачы не дасі.
— Якая там помач: пярун чорта забіў.
— A маўчы ж ты, ай сказіўся? Проці ночы…
— Добра, што воддаль двароў пабудавалі: на сяло не перакінецца.
— A не, няхай бог крыець.