Аляксей Карпюк - беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, лідар вольнадумнай інтэлігенцыі ў Горадні ў 1960-1980-х, падтрымліваў кантакты з пісьменнікамі-дысыдэнтамі ў СССР. Аляксей Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. Пасля сямігодкі вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні, у Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У пачатку вайны ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы ў канцы 1942 года быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль – у канцлагер Штутгоф. Яму ўдалося ўцячы з палону і прыняць удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 годзе стаў камандзірам партызанскага атрада імя К. Каліноўскага. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разам з часцямі Савецкай Арміі ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. У 1949 годзе Аляксей Карпюк скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана, дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна. У друку дэбютаваў у 1953 годзе аповесцю “У адным інстытуце”, неўзабаве быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. Выкладаў у Гродзенскім педінстытуце. З 1955-га па 1957 год працаваў у абласной газеце «Гродзенская праўда», пасля быў уласным карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, быў сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. iнфармацыя з grodnonews.by