Дарья Б.цитирует5 месяцев назад
Што гэта была за пара такая! Адзін з іх быў зусім малады. Калі таму, што мёрз у летнім пінжаку было год трыццаць, то гэтаму бадай-што не магло быць больш як дваццаць шэсць. Сляды перажытага ляжалі на яго твары. Ні тое што гэта маршчыны старасці ўразілі маладосць. Але такая пячаць бывае на твары толькі ў таго, хто вытрымаў нясцерпныя пакуты і пазнаў тую праўду, што ўсё звыклае чалавеку і нецікавае, нават апрыкралае, можа стаць яму раптам вялікім шчасцем і радасцю. Нейкая як бы паглыбленасць у самога сябе была ў ім. Яна не была закаранелая і застарэлая, і можа гэта былі толькі першыя адзнакі яе. Калі так, то яна магла і не пакінуць сваіх слядоў у чалавечай натуры. Была і яшчэ адна рыса ў гэтага чалавека. Гэта як бы лёгкая здзіўленасць. Здавалася, што яшчэ ўсё не можа апамятацца ад нейкага нечаканага шчасця і яшчэ ўсё перажывае радасць, якая з'явілася перад ім як дар чалавеку ад усяго свету. І такім парадкам свет паказаўся перад ім невядомымі яму раней гранямі: свет не толькі бязлітасны і жорсткі. Ён яшчэ ласкавы і ясны. І сваю радасць чалавек можа знайсці ў кожнай травіне. Штосьці такое было ў чалавеку. Ён быў у чырвонаармейскім адзенні, у летнім. Без шыняля і на галаве зусім без шапкі. Нізка абстрыжаны. У гімнасцёрцы і нагавіцах з той крамніны, з якое робяцца плашчы-палаткі. Пояса не было. А на босых нагах, без ануч, лапці з лыка. Усё адзенне на ім было такое старое, такое зношанае, такое ўжо бескаляровае, што, здавалася, яно даўно ўжо сатлела і на чалавеку ледзьве ліпіць, і павінна неўзабаве спрахнуць пылам на няма нішто. Твар у гэтага зусім маладога чзлавека быў як вытачаны, лоб высокі і вочы ціхія. Праўда, вочы маглі быць такія не толькі ад прыроды натуры, але і ад нейкага ўражання, успрынятага чалавекам.
  • Войти или зарегистрироваться, чтобы комментировать